Старонка:Географія Беларусі.pdf/233

Гэта старонка не была вычытаная
Важнейшыя мяйсцовасьці:

На высокім правым беразе Нёмна, пры ўтоку р. Гараднічанкі разьлёгся паміж лясістых глыбокіх яроў стары Горадзен, або, як яго часьцей цяпер называюць Горадня (рыс. 120). Гэта адно з цікавейшых і харашэйшых беларускіх местаў, астравок старое эўропэйскае цывілізацыі сярод наднёманскіх пушчаў.

Горадня ляжыць як раз у тым мейсцы, дзе Нёман, найбліжэй падыйшоўшы да рэк сыстэму Віслы (Бабёр) і вялікіх мазурскіх вазёраў, што ляжаць у Прусіі, на найбліжэйшай дарозе да мора, крута заварочваецца і цячэ ўжо далей на поўнач у краіны літоўскія.

Мяйсцовасьць з такім добрым географічным палажэньнем была пэўне-ж заселена яшчэ ў самыя далёкія дагістарычныя часы. Гісторыя-ж застае тут дрыгвічоў, якія, прыплыўшы па Нёмну й Шчары занялі гэты важны пункт і ўсю яго ваколіцу. На беразе Нёмна пабудавэлі яны замак Горадзен (абгароджаны сьцяною) і адгэтуль пачалі расьсяляцца далей па Бабру і ўніз па Нёмну сярод дзікіх, бязьлюдных пушчаў, што ляжалі ўздоўж гэтых рэкаў, аж пакуль не дайшлі да літоўскіх сялібаў на поўначы й захадзе.

Ніжэй Горадні над Нёмнам відны й дагэтуль яшчэ руіны старога беларускага замку Лішкава; тут, мусіць, і затрымалася далейшае расьсяленьне дрыгвічоў, бо далей ляжаць ужо літоўскія вёскі.

З часам Горадзенскі замак быў яшчэ больш умацаваны, а каля яго вырасла вялікае й багатае места, меўшае шырокія гандлёвыя зносіны. Яго разьвіцьцю аднак моцна перашкаджалі напады чужынцоў на гэты, далёка на захад высунуты клін Беларускае зямлі. Праз XII і XIII вякі места некалькі разоў забіралі палілі і грабавалі рыцары - крыжакі, палякі, ўкраінцы, татары, Беларускія Горадзенскія князі й выгадаванае ў бітвах насяленьне. моцна баранілі роднага места.

У ХIII в. Горадня апынулася пад Літоўскімі князямі. Вялікія Князі Літоўскія вельмі любілі Горадню, часта й падоўгу тут жылі. Так сама пасьля ўпадабалася Горадня каралём польскім. Апроч свайго хараства была яна з вялікіх беларускіх местаў найбліжэйшым да Польшчы. Найбольш у Горадні жыў кароль польскі Стафан Баторы. Ён-жа пабудаваў тут каменны замак, які йстнуе і да нашых часоў (Стары Замак).

Пазьней Горадню зрабілі сэймовым местам і кожын па чародзе трэці сойм адбываўся тут у сумысьле на тое пабудаваных палацах . Тут былі каралеўскія канцалярыі, а ў канцы XVIII в. сюды пераведзены быў Галоўны Трыбунал (суд) і Грашавая Камісія (міністэрства фінансаў).

У Горадні-ж адбыўся вядомы "немы сойм", які згодзіўся аддаць большую часьць Беларусі Маскоўцам, падпісаны быў акт аб другім падзеле Польшчы ў 1793 годзе і тут-жа, яшчэ цераз два гады, апошні кароль Польскі зрокся свайго каралеўскага пасаду, дый з Горадні-ж выехаў ён на заўсёднае жыцьцё ў Пецярбург.

З старых будынкаў (а ёсьць іх у Горадні даволі) асаблівае ўвагі варта Барысаглебская царква, што знаходзіцца ў Каложы (прадмесьце Горадні за р. Гараднічанкаю, проці Замку рыс. 122). Царква гэтая стаіць ля самага берагу Нёмна і дзеля таго частка яе сьценаў разам з берагам абвалілася. Царква будавана у бізантыйскім стылю; яе сьцены маюць у сярэдзіне ўмураваныя гаршкі -