Старонка:Географія Беларусі.pdf/240

Гэта старонка была вычытаная

Сухаволя, Дуброва. Ў апошнім, у касьцёле ёсьць крыж з надзвычайнай па мастацтву свайму разьбою.

У манастыры, ў Ражаным Стоку ёсьць цудоўны абраз Багародзіцы, дзеля чаго сюды зыходзяцца што году дзесяткі тысяч багамольцаў.

Увесь Сакольскі павет пакрыты нявысокімі харошымі ўзгоркамі, якія зьніжаюцца ў бок даліны р. Бабра; павет мае добрую ўраджайную зямлю, Ў тутэйшых рэчках шмат рыбы, ў некаторых сустракаецца форэль. На паўдні павету ляжыць досіць абшырная Букштэльская пушча. Сялянства ў Сакольскім павеце заможнае і мае вялікую ахвоту вучыць дзяцей. За апошнія дзесяткі гадоў шмат выйшла з Сакольскага сялянства інтэлігенцыі, — асабліва духаўнікоў.

Аўгустоўскі павет і частка Сэйнінскага, якія заселены беларусамі, займаюць абшырныя лясы, вядомыя пад назовам Аўгустоўскае пушчы. Ў гэтай пушчы ёсьць шмат рэчак і дробных вазёраў. З рэчак найбольшая — р. Чорная Ганжа, якая ўваходзіць у сыстэму Аўгустоўскага каналу. Спаміж балотаў найбольшае — Воўчае. Насяленьне тут чыста беларускае, але ёсьць крыху высяленцаў з Польшчы — мазураў, якія займаюцца гонкаю смалы й дзёгцю. Іх называюць буднікамі. Япроч гаспадаркі, жыхары тутэйшыя займаюцца рыбалоўствам (рыбы тут шмат) і дабычаю балотнае руды й торфу на паліва. На краі пушчы, ў м-ку Штабіне ёсьць хвабрыка зялеза й гаспадарскіх прыладаў. Вырабляюць тут так сама жорны для млыноў.

Аўгустоў ляжыць паміж вялікіх двох вазёраў сярод бедных лясістых і пяшчаных ваколіцаў пры Аўгустоўскім канале. Рух на канале малы дзеля малое вады, а яшчэ затым, што побач праведзена чыгунка і ўсё грузы йдуць па ей. Ад Аўгустова чыгунка йдзець праз Сувалкі проста ў Нямеччыну.

У паўднёвай частцы Аўгустоўскага павету, каля Горадні, мяйсцовасьць бязьлесная і гарыстая (Горадзенскае ўзгор’е), зямля ўраджайная, шмат садоў. Ёсьць тут навет свая асобая парода скаціны-зубровая, якая мае кароткія рогі і надта малочная. Каля в. Лабна капаюць тут крэйду, якая ляжыць няглыбака пад зямлёю.

Над Нёмнам, у Сэйнінскім пав. ляжыць в. Лішкаў з руінамі старога замку, некалісь, яшчэ у XI веку пабудаванага Горадзенскімі беларускімі князямі.

У Аўгустоўскім пав. значная частка беларускага насяленьня не так даўно перайшла ў каталіцтва і з таго часу пачала моцна польшчыцца; па цемнаце сваёй тамашнія жыхары, мяшаючы нацыянальнасьць з рэлігіяю, ўважаюць, што яны прынялі "польскую" веру і, значыць, зрабіліся палякамі. Нацыянальная сьведамасьць пашыраецца, аднак, і тут, хоць значна тужэй, чым ў суседніх паветах.

__________

НАДБУЖАНСКАЯ КРАІНА (ПАДЛЯСЬСЕ). Тыя самыя пры меты, якімі адзначаецца між краінамі Беларусі, Горадзеншчына яшчэ мацней выяўлены ў суседняй з ёю Надбужанскай краіне да якое належаць паветы Бельскі, Беластоцкі