Старонка:Географія Беларусі.pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

Беластоцкі павет, як ужо казалася, займае вельмі выдатнае палажэньне ў Беларусі. Гэта найбольш прамысловы і найгусьцей заселены спаміж паветаў Беларусі. У ім вельмі многа меставага насяленьня ў вялікіх прамысловых мястэчках; гаспадарка стаіць высака. Грунты Беласточчыны, хоць камяністыя, але досіць ураджайныя; есьць аднак шмат пяскоў і балотаў, асабліва ўздоўж р. Бабра. Затое над Бабром- жа ляжаць і вельмі добрыя сенажаці.

У Бельскім павеце прамысловасьць мае ўжо меншае значэньне: на першы плян выступае гаспадарка. Грунты тут вельмі добрыя, клімат лагодны. Дзеля таго тут сеюць вельмі мнoгa; пшаніцы - азімкі, а так сама і шмат садоў і добрых гародаў. Моцна разьвітыя тут хатнія рамеслы, асабліва вырабы з дрэва. Вырабляюць тут абады, колы, дугі, сані, дзераўлянае судзьдзё і г. д.

Апроч досіць старога павтавага места Бельска з 9 тыс. жыхараў, якія займаюцца найбольш земляробствам і гародніцтвам, у павеце ёсьць вялікія ды прамысловыя мястэчкі: Бранск, Семяцічы, Цехановец і інш. Бранск - заходні (не мяшаць з Бранскам з-над Дзясны), над р. Нурцом - мае больш 7 тыс. жыхараў. Вельмі старое места. Цяпер у ім ёсьць вялікая гарбарня, ткацкая хвабрыка і млын. Семяцічы - на паўдні павету значнае мястэчка з 6 тыс. жыхараў. Ёсьць табачная і суконная хвабрыкі. У ХVIII в. княгіня Ганна Сапяжанка залажыла тут бібліатэку, габінэты натуралістычны, фізычны, музэй старасьветчыны і шмат хвабрыкаў. Усе гэта пасьля яе сьмерці развалілася. Княгіня між іншым клапацілася і аб долі сялянства. Яна напісала 8 томаў статутаў для сялянства і подлуг гэтых статутаў упраўляла ў сваіх дварох. Яна старалася прывучыць народ да супольнага, грамадзкага жыцьця, заводзіла коопэратывы Ў яе часы Семяцічы далека былі вядомы. З усіх бакоў з'яжджаліся сюды, каб прыгледзіцца да новых парадкаў, паглядзець на вучоныя габінэты і музэі. На харошых усхонаватых берегах Бугу стаіць стары Драгічын (рыс. 126), адзін з важнейшых дрыгвіцкіх гарадоў, іх заходняя сталіца. Шмат бачыў ён за сваю гісторыю. Цяпер гэта невялікае, мястэчка. Цікавая тут досіць высокая Замковая гара, якая ўздымаецца на 45 саж. над самым Бугам, а на ей - руіны замку, падзямельлі. Буг што году ўсё больш і больш падмывае Замковую гару і значныя яе часткі ўжо абваліліся ў раку.

На абодвух берагох Нурца ляжыць прамысловае мястэчка Цехановец з 5 тыс. жыхараў. Ёсьць у ім некалькі суконных хвабрыкаў, 2 млыны, цагельня, бровар. Ваколіцы Цеханоўца заселены дробнаю шляхтаю, якая моцна спольшчылася.

Невялікае мястэчка Кляшчэлі ляжыць пры крыжаваньні чыгунак, што абяцае яму з часам шыбкае разьвіцьце. Цяпер Кляшчэлі славяцца разводкаю гароднага насеньня, найгалаўней агурковага ды хмелю.

У Бельскім-жа павеце знаходзіцца м-ка Мельнік. Проці яго, за Бугам, стыкаецца беларуска - польская і беларуска - ўкраінская межы. Мельнік - старое мястэчка. Цяпер яго жыхары займаюцца між іншым паленьнем вапны, якую капаюць у акалічных горах над Бугам.

У паўночнай часьці Берасьцейскага павету, якая мае шмат супольнага з суседнім Бельскім паветам, ляжаць між іншым старасьвецкія мястэчкі - Высокае і Камянец[1].

  1. Іх у літэратуры звычайна называюць Літоўскімі (Высокае -Літоўскае, Камянец - Літоўскі), дзеля таго, што яны належылі, як і ўся Беларусь, - да Літвы і на тое, каб адрозьніць іх ад іншых местаў з такім самым назовам, што ляжалі ў Польшчы, або ў Украіне. Ведама што ніякіх ліцьвінаў тут няма.