На паўдня ад галоўнага хрыбта аж да самае Вяльлі ляжыць тоўсты пласт падысподняе морэны, на якім параскіданы невялічкія ўзгор'і (канцавыя морэны), пакрытыя найбольш хмызьнякамі ды рэдкімі дубамі. Узгор'і гэтыя чарадуюцца з вялікімі вазёрaмі (Нарач, Сьвірскае і інш.) і невялічкімі раўнінамі, характэрнымі для падысподняе морэны, а бліжэй да Вяльлі - з значнымі роўнымі пяшчанымі, а часам і балоцістымі прасторамі, што пазарасталі хваёвымі лясамі. Досіць высокія ўзгор'і (каля 120 с.) даходзяць і да самага берагу Вяльлі. Прабіваючыся праз іх правыя прытокі Вяльлі маюць высокія (да 25 саж.), стромкія берагі; гэтыя-ж узгор'і робяць і берагі сярэдняга цячэньня самое Вяльлі высокімі, стромкімі і дужа прыгожымі (прыкл. каля Смаргоняў).
Галоўны хрыбет узгор'я дзеліць вадазборнікі Вяльлі і Дзьвіны; аднак некаторыя прытокі Дзьвіны перасякаюць яго наскрозь і сьцягуюць ваду з далей на паўдня ляжачых вазёраў.
У паўночны бок ўзгор'е павольна зьніжаецца. Мяйсцовасьць, накрытая няглыбокаю падысподняю морэнаю, робіцца роўнаю і пераходзіць у Полацкую нізіну. На ўсходзе ўзгор'е дзеліць вада-зборнікі Бярэзіны і Дзьвіны. Падыходзячы пад Лепель яно робіцца крыху вышэйшым. Гэтая ягоная частка называецца Пышнагорам. У падножжа Пышнагору ляжыць шырокая лядавіковая даліна, якая злучала калісь Полацкае Лядавіковае Возера праз Бяpэзінy з Палескім. Цяпер па ей праведзены Бярэзінскія Каналы, над якімі стаіць Лепель.
На паўдня ад Докшыцаў ідзець Менскае Ўзгор'е. Займае яно Менскі павет, ды часткі Барысаўскага, ігуменскага, Вялейскага і Ашмянскага (цяпер Валожынскага). Найвышэйшы яго пункт, адначасна і найвышэйшы пункт усяе Беларусі - Лысая Гара (161 саж.), знаходзіцца на мяжы Менскага, Барысаўскага і Вялейскага пав., ля вёскі Лысая Гара. Мала меншая ад гэтае гары - другая Сьвятaя Гара (160 саж.) ляжыць на паўднёвы захад ад Менску; лічаць, што з пад яе выцякае Неман.
Менскае Ўзгор'е, як і вышэйапісаныя, створана канцавою морэнаю, наваленаю тут лядавікам на таўсты пласт падысподняе морэны, а можа і на крых у павыпінаныя больш старыя пласты. Часьцей можа, чым дзе, спаткаем мы тут моцна гарыстыя краявіды. Высокія і стромкія ўзгоркі грамадзяцца адзін перад адным у магутныя горныя гнёзды, перасечаныя глыбокімі, найбольш сухімі, лагчынамі (сухадоламі), якія забалочуюцца толькі выпадкова і заўсёды легка могуць быць асушаны дзеля значнага спаду. Рэкі цякуць тут у досіць шырокіх далінах , пакрытых сенажацямі. На версе узгор'я панакідана шмат каменьня, галоўным чынам граніту; мяйсцамі спатыкаюцца цэлыя полі, заваленыя каменьнем. Затое вазёраў тут саўсім блізка няма, калі ня лічыць дробных штучных сажалак, і гэта найбольш адрожнівае Менскае Ўзгор'е, ад тыповых морэнных краінаў.
Вярх і ўзгор'я моцна лясістыя, прычым лясы найбольш яловыя і мяшаныя; хваёвыя бары спатыкаюцца найбольш у пяшчаных рачных далінах . На паўднёвых-жа і ўсх одніх спадах узгор'я лясоў мала; мяйсцовасьць робіцца шмат раўнейшаю, бо заместа канцавое морэны тут ляжыць ужо падысподняя, зложаная найбольш з ураджайных глінаў. Памалу зьніжаючыся і чарадуючыся што далей, то з большымі прасторамі пяскоў і балотаў, узгор'е падыходзіць на ўсходзе да самае Бярэзіны. На паўдні і паўднёвым захадзе яно гіне ў пушчах Ігуменскага Палесься, ды ляжачых над верхнім Нёмнам і ягонымі правымі прытокамі. Да аднаго з найбольшых такіх прытокаў, Бярэзані Нёманскае, ўзгор'е безпасярэдна