Старонка:Географія Беларусі.pdf/269

Гэта старонка не была вычытаная

мяжы павету, і дзеліць тут басэйны Дзясны й Сожу. Ня гледзячы на гэта, павет моцна балоцісты. Балоты тут найбольш імховыя. З грунтоў найбольш пашыраныя лёгкія супяскі ды пяскі. Каля Рослаўля, на ўсход ад яго, ёсьць шырокі паяс грунтоў ураджайных , сугліністых, ляжачых і на лёссе, і на морэнных глінах.

Рослаўскі павет адзін з першых у Беларусі па сваіх мінэральных багацьцях. У ім знаходзяцца самыя значныя залежы фасфарытаў. Апроч фасфарытаў, здабываюць тут яшчэ буры вугаль, горны воск, зялезную руду і г. д.

Прамысловасьць досіць разьвітая. Пашыраны ўсякія лясныя промыслы (ў павеце шмат лясоў). Сярод хвабрыкаў найбольшае эначэньне маюць шкляныя гуты (ёсьць вялікая гута з 350 работнікамі і некалькі малых), пільні й бравары. Спатыкаюцца гарбарні, аляярні і інш. Даўней былі тут і цукраварні.

У гаспадарцы важнае мейсца займаюць каноплі й лён, а так сама бульба. Досіць разьвітае пчалярства. Даўней павет далека быў вядомы з свайго мёду й воску.

Суседні з Рослаўскім Клімавіцкі павет, - адзін з найбяднейшых у Беларусі. Блізка ўвесь павет пакрыты пяшчанымі грунтамі і толькі на паўднёвым захадзе, над р. Беседзьдзю, знаходзіцца востраў шэрых суглінкаў. У павеце досіць пашыраныя хатнія рамёслы, хвабрычная-ж прамысловасьць разьвітая вельмі слаба. Гаспадарка стаіць нізка; значная частка насяленьня шукае зарабаткаў на старане.

Паветавае места Клімавічы - вельмі маленькае (8 тыс. жыхараў) і цікавага у ім мала. З мястэчак найбольшыя - Шумячы, Хацімск і Касьцюковічы. Шумячы (з 5 тыс. жыхараў) і Хацімск ляжаць на мяжы Рослаўскага павету. Касьцюковічы ляжаць над Беседзьдзю, ўпрыгожай мяйсцовасьці. Ў Шумячох і Касьцюковічах досіць разьвітае гарбарства.

Чэрыкаўскі павет мае шмат супольнага з Клімавіцкім. Сож дзеліць павет на паўночную і паўднёвую частку. Паўднёвая мае такія-ж бедныя, як і у Клімавіцкім пав. пяшчаныя грунты, з раскіданымі сярод іх астраўкамі шэрых суглінкаў. Паўночная палавіна павету мае лепшыя, сугліністыя грунты. Ня гледзячы на тое, і тут гаспадарка стаіць нізка, прамысловасьць няразьвітая, пашыраны адыход на чужыну. Галоўная прычына - дальнасьць чыгункаў.

Апроч самага Чэрыкава (з 5 тыс. жыхараў) досіць старога, але закінутага гарадка над Сожам, у павеце лічуцца важнейшымі мястэчкамі Крычаў і Краснапольле.

Крычаў (рыс. 140) на высокім беразе Сожу - вельмі старое мястэчка, якога, лічуць, залажылі Крывічы, дзеля чаго ён нібы й называўся Крывічаў. Цяпер у ім 6 тыс. насяленьня, вядзецца досіць бойкі гандаль збожжам, пянькою, лёнам. Ёсьць 4 гарбарні. Краснапольле, невялікае мястэчка на паўдні павету, мае ў сабе некалькі прамысловых закладаў, між якіх вызначаецца картонная хвабрыка.

Быхаўскі павет у заходняй сваёй часьці мае пяшчаныя грунты, а у ўсходняй, паміж Дняпром і Сожам, найбольш сугліністыя. У ім захавалася досіць многа лясоў. Насяленьне жыве ня вельмі густа. Разьвіты лясныя промыслы, а хвабрычныя слаба. Шляхоў досіць многа: - чыгунка, 3 шосы, рэкі - Дняпро і Сож. Гаспадарка стаіць тут ляпей, чым у двох папярэдніх паветах.