Старонка:Географія Беларусі.pdf/273

Гэта старонка была вычытаная

гаспадарцы тут ужо значна шкодзяць позьнія (ў канцы вясны) прымаразкі.

Мсьціслаўшчына — тыповая земляробская краіна. Гаспадарка тут, аднак, стаіць ня вельмі высака. Галоўная прычына гэтага — адсутнасьць шляхоў. Гэтую багатую краіну не пераразае ні адна чыгунка, ані шоса. Ўсе чатыры паветавыя месты ляжаць за дзесяткі вёрст ад бліжэйшае станцыі. Вадзяныя шляхі таксама маюць малое значэньне. Дняпро й Сож ідуць па мяжы краіны, а больш значных судаходных рэк няма. Няма ў краіне й вялікіх местаў. Пры такіх варунках збыт прадуктаў гаспадаркі ня лёгкі, а дзеля таго і стаіць яна нявысака. У сялянскіх гаспадарках часта яшчэ аруць сохамі, аб палепшаных машынах ня знаюць, штучных гнаёў ня ўжываюць. Аднак бліжэй да зялезных дарогаў гаспадарка выглядае лепш. У кожным разе гаспадарка далей на ўсход — яшчэ горшая.

З ярыны сеюць тут шмат аўсу, ячменю й бульбы. У Мсьціслаўскім павеце сеюць вельмі многа грэчкі (на паўдні павету, за Сожам, ляжаць пяскі), а у Красенскім сеюць шмат лёну. Ў гэтых-жа двох паветах сеюць шмат канопляў.

Садоў у краіне шмат, асабліва ў Красенскім пав. Трапляюцца й вялікія прамысловыя гароды.

Гадоўля скаціны і коней пастаўлена досіць добра. Ёсьць шмат скаціны палепшаных пародаў. У Красенскім павеце разьвіта сыраварэньне і выраб масла.

З мінэральных багацьцяў, якія мае краіна, трэба адзначыць перад усім гліны, якія ў некалькіх мяйсцох далі магчымасьць разьвіцца кахельным і ганчарным рамёслам. Здабываюць тут таксама вапну — каля Мсьціславу, Дрыбіна (Чавускага пав.). У Красенскім (каля в. Пацёмкіна) і Гарэцкім пав. знаходзяць охру. Урэшце ў Мсьціслаўскім павеце (каля в. Вялікае Слабады) і ў Чавускім (каля в. Слабады) ёсьць зялезістыя крыніцы.

Хвабрычная прамысловасьць у краіне нязначная. Толькі ў Гарэцкім павеце ёсьць ткацкія хвабрыкі — ў м. Дуброўне, і кахляныя — ў м. Копысі. Ёсьць яшчэ досіць бравароў.

Дзякуючы сваім прыродным асобнасьцям, краіна заселена была вельмі рана. Гісторыя застае тут ужо гарады крывічоў, (а на паўдні — радзімічаў), якія былі ў залежнасьці то ад Полацку то ад Смаленску. Асаблівае ролі, аднак у гісторыі краіна ня йграла; як і цяпер, была яна ўвесь час досіць глухою стараною. — Цяпер краіна заселена досіць густа, шмат гусьцей, чым усе іншыя краіны навакола. На 1 кв. вярсту выпадае да 60 чал. (у Гарэцкім пав.). Насяленьне ўсё чыста беларускае, апрача жыдоў, якіх тут жыве, агулам лічачы, каля 10% (у Красенскім пав. жыдоў няма саўсім).

У заходніх паветах краіны ёсьць шмат мястэчак, у якіх квітнуць рамёслы і йдзе бойкі гандаль. У Красенскім пав., як і у ўсёй Смаленшчыне і ў Расеі, мястэчак няма. Гэта вельмі дрэнна адбіваецца на яго экономічным жыцьці. Гандаль там ідзець найбольш на ярмарках, якія ад часу да часу зьбіраюцца ў большых вёсках.

Важнейшыя мяйсцовасьці. Мсьціслаў (рыс. 143), — адно з старэйшых беларускіх местаў. Успамінаецца аб ім першы раз у ХII веку. Быў ён сталіцаю асобнага князьства, пасьля належыў да Смаленскага князьства і ўрэшце апынуўся пад Літвою. У XVI веку яго зрабілі галоўным местам Мсьціслаўскага ваяводзтва, самае ўсходняе з земляў Рэчы Паспалітай. Дзякуючы такому свайму палажэньню,