Старонка:Географія Беларусі.pdf/279

Гэта старонка была вычытаная

на поўнач, у морэнных краінах, вёскі саўсім маленькія, з некалькіх хатаў.

Варшанская краіна ёсьць аднэй з найцікавейшых краінаў Беларусі з боку свае мінуўшчыны. Край сьвятых вазёраў, цудоўных крыніцаў і старэнькіх старэнькіх мястэчак, край, дзе гісторыя густа расьсеяла сьляды свае: тысячагадовыя каменныя крыжы пры дарогах, старасьвецкія курганы, гарадзішчы, закінутыя ў нетры лясоў. Край, з-за каторага праз тры вякі білася Масква з Беларуска-Літоўскай дзяржаваю; білася, дзеля таго, што край гэты ёсьць брамаю да Беларусі і да Маскоўшчыны. Часта яго ўсходнюю частку так і называюць: «Смаленская Брама».

Цэнтр Беларусі быў абаронены са стараны Маскоўшчыны: з поўначы Дзьвіною і нязлічонымі вазёрамі Віцебшчыны, з усходу Дняпром, Сожам і палескімі пушчамі, што пакрывалі берагі гэтых рэк. Але паміж Дняпром і Дзьвіною заставалася паласа зямлі без вялікіх рэк, ды іншых перашкодаў для руху, досіць густа заселеная, а значыць з расьцярэбленымі лясамі. Спрадвеку сюдою йшлі дарогі з усходу на захад і тут яны крыжаваліся з яшчэ важнейшымі ў даўныя часы дарогамі — з паўдня на поўнач («з Варагаў у Грэкі»). Дзеля таго тут ад прадаўных часоў пазакладаліся месты. Досіць добрыя грунты спрыялі гаспадарцы, а затым ў краіне была густое і вясковае насяленьне. Зразумела дзеля гэтага, чаму Маскоўскія войскі, нападаючы на Беларусь, кідаліся наўпярод у гэтую «Смаленскую Браму».

Праход між Дняпром і Дзьвіною мае ўсяе шырыні каля 80 вёрст. Але як раз пасярод яго, ляжаць вялікія Верацейскія балоты. Дзеля гэтага «Смаленская Брама» робіцца саўсім вузкою. Дарогі з усходу на захад мусяць ісьці праз вузкі калідор паміж Дняпром і Верацейскімі балотамі.

Каб заўладаць Смаленскаю Брамаю і непрапусыдіць праз калідор ворага, і Маскоўшчына, і Літва будавалі крэпасьці. Смаленск замыкаў Браму з усходу, а Ворша — з захаду.

Важнейшыя мяйсцовасьці. Ворша. (рыс. 146). На крыжаваньні дзьвёх чыгунак, праразаючых краіну, на высокіх берагох Дняпра, недалёка ад таго мейсца, дзе ён павяртае на паўдня, і дзе на ім ёсьць Кабяляцкія парогі, раскінулася Ворша.

Гэта надта старое места; ўспамінаюць аб ім летапісы ў XI веку, але пэўне было яно яшчэ і ў дагістарычныя часы. У часох літоўскіх была Ворша значнай крэпасьцяй, якая закрывала «Смаленскую Браму». Тут-жа адбываліся зборы беларуска-літоўскага й польскага войска перад паходамі на Маскву. Ў 1514 г. пад Воршаю Маскоўцы былі моцна разьбітыя беларуска-літоўскім войскам. За тое маскоўцы ў тым-жа сталецьці некалькі разоў нападалі на Воршу, палілі і рабавалі яе. Ў XVII веку тут пазакладана было шмат манастыроў. З іх да нашага часу дажылі толькі 2 праваслаўныя Кутэінскія (над рэчкаю Кутэінкаю) манастыры. Ўсё-ж каталіцкія манастыры маскоўскі ўрад скасаваў.

З правядзеньнем чыгунак места стала моцна расьці; ўзрасла і прамысловасьць. Цяпер у Воршы ёсьць некалькі дзесяткаў заводаў. З іх найбольшы драцяна-цьвяковы завод, а так сама хімічны завод; абодвы маюць па 200—300 работнікаў.