Старонка:Географія Беларусі.pdf/281

Гэта старонка была вычытаная

Частка Варшанскага павету, што ляжыць на ўсход ад Верацейскіх балотаў, мае ў сабе шмат падобнасьці да суседняе Смаленшчыны. Пры станцыях праходзячае тут Рыга — Арлоўскае чыгункі ёсьць значныя хвабрыкі, абрабляючыя лён, напрыклад, у Крынках — лёна — прадзільная хвабрыка, з 300 работнікамі. Стары гарадок Бабінавічы, стаіць у глухой лясістай мяйсцовасьці, над р. Лучосаю і гандлюе лесам. Жыхараў у ім усяго каля 2 тыс. На захадзе Варшанскага пав. ёсьць некалькі мястэчак, ляжачых у багатай мяйсцовасьці, з ураджайнай зямлёю. Дзеля таго яны найбольш таргуюць збожжам: скупляюць яго і вывозяць праз станцыі праходзячае тут Маскоўска-Берасьцейскае чыгункі.

Магілёў (рыс. 147). На спадах Дняпроўскага ўзгор’я, на мяжы яго з Палескай і Раданскай раўнінамі, ляжыць адно з значнейшых беларускіх местаў Магілёў. Займае ён высокі, ўзгоркаваты правы бераг Дняпра. А за Дняпром знаходзіцца яго прадмесьце — Лупалава.

Калі заложаны Магілёў — вестак у гісторыі няма. Адно толькі вёдама, што людзі тут жылі яшчэ ў самую далёкую дагістарычную эпоху. Імя свае Магілёў нібы дастаў ад іменьня разбойніка Магілы, які жыў у лясной нетры над Дняпром. Гэта, праўда, толькі лягенда. Спачатку Магілёў належыў Віцебскім князем; пасьля разам з Віцебскам перайшоў пад Літву. Быў ён тады яшчэ невялікім местам.

Найбольш разросься і разбагацеў Магілёў у XVI ды XVII вякох. Магілёў вёў тады шырокі гандаль з Рыгаю, Масквою, Ўкраінаю, а так сама і з нямецкімі местамі — Лейпцыгам, Кёнігсбэргам, Данцыгам, — адпраўляючы туды мёд, воск, сала, алей, дзёгаць і г. д. Каралі, хочучы забясьпечыць сабе вернасьць магілёўцаў, надалі месту шмат усялякіх прывілеяў, якія спрыялі яшчэ большаму росту і узбагачаньню места.

Цяжка даводзілася Магілёву ў часы маскоўскіх і казацкіх войнаў: багатае места вабіла да сябе шукаючыя рабунку вайсковыя банды. У 1654 г. Маскоўцы, заваладаўшы местам (Магілёў самахоць перайшоў на бок Масквы), загадалі ўсім пражываўшым у Магілёве жыдом высяліцца ў Літву, і, калі тыя выбраліся за места, ўсіх да аднаго іх перабілі ды зрабавалі. На памятку аб гэтым даўней Магілёўскія жыды што год зыходзілі на тое мейсца маліцца за забітых . — Праз некалькі гадоў, у 1661 г., Магілёўцы паўсталі проці Масквы і пасьля крывавае бітвы, зьніштожылі маскоўскі гарнізон. За гэтую заслугу Магілёў атрымаў асаблівыя правы, з якіх карысталася толькі Вільня; магілёўскім мяшчанам, між іншым, было дазволена купляць зямельныя маетнасьці.

Магілёўскія мяшчане у тыя часы, наагул, адзначаліся сваім вольналюбівым і непакорным характарам: доўга яшчэ жылі ў месьце традыцыі вечавога парадку. Так, у 1610 годзе Магілёўцы збунтаваліся проці свайго магістрату і завялі вечавы парадак. Таксама вельмі энэргічна змагаліся яны і проці ўвядзеньня рэлігійнае вуніі.

Ня гледзячы на ваенныя падзеі ў XVII в., Магілёў далей рос і багацеў. Зламала яго толькі швэдзкая вайна, калі яго займалі то швэды, то маскоўцы, пры чым і адны і другія рабавалі жыхараў, а ў канцы маскоўцы, па загаду цара Пятра І, спалілі ўсё места, перад тым яго грунтоўна зрабаваўшы. Пасьля таго Магілёў апусьцеў, жыхары яго паперабіраліся ў іншыя месты, і ўжо ня мог ён паправіцца аж да апошніх часоў.