Старонка:Географія Беларусі.pdf/283

Гэта старонка не была вычытаная

востраве сярод ракі падыймаюцца валы вялізарнага гарадзішча, прыпамінаючыя слаўныя часы Друцку.

Ў розных мяйсцох Магілёўскага пав. знаходзяцца ўздараўляючыя мінэральныя крыніцы. Такія крыніцы ёсьць напрыклад у в. Палыкавічах над Дняпром і туды зыходзяцца тысячы народу, лічачы крыніцу цудоўнай. Ёсьць зялезныя крыніцы на захадзе павету, каля м. Цяцерына і ўрэшце каля м. Шапялевічаў знаходзіцца возера Хіцемля, вада з якога памагае ад наскурных ды інш. хваробаў.

Магілёўскі павет мае грунты сугліністыя і супяшчаныя, дагодныя для гаспадаркі. Толькі на паўднёвым захадзе цягнуцца пяскі, якія зьяўляюцца працягам Бярэзінскага палесься.

У Сеньнінскім павёце ёсьць цэлы рад мястэчак, у цяперашнія часы невялікіх і бедных. М. Сенна - невялікі гарадок з 8 т. насяленьня. Недалёка на захад ад яго ёсьць зялезныя крыніцы. На паўдні павету, пры станцыях Маскоуска - Берасьцейскае чыгункі павырасталі значныя гандлёвыя мястэчкі, якія таргуюць збожжам і лесам. З іх найважнейшае - Талочын. У ім між іншым ёсьць і дзьве х вабрыкі: вялікая шкляная гута (з 4-мa сотнямі работнікаў) і дражджавы завод. Жыхараў у Талочыне каля 2 тыс. чал. Пры ст. Крупках ёсьць хвабрыка сярнічак і вялікі млын.

У паўночна - заходняй часьці павету, над вялікім возерам, ляжыць старое мястэчка Лукамля, вядомае яшчэ з XI веку. Даўней Лукамля была сталіцаю асобнага князьства. Цяпер гэта невялікае й беднае мястэчка. На поўнач ад Лукамскага возера падымаецца ўзгор'е Каторсы.

Сеньнінскі павет ляжыць на грунтох багатых, сугліністых і супяшчаных. Насяленьне яго, апроч гаспадаркі, займаецца ляснымі промысламі і рыбалоўствам.

Мяйсцовасьць у Сеньнінскім і Варшанскім паветах, каля Дняпроўскага ўзгор'я, вельмі прыгожая; яна навет, як піша аб ей у сваіх мэмуарах Кацярына II, "прыпамінае англійскі парк".

__________

VIII. Віцебская краіна.

На поўнач ад р. Дзьвіны і ад Полацкае нізіны падыймаюццца сярод лясоў і вазёраў Паўночныя Морэны: Віцебска - Невельскае і Дзьвінскае ўзгор'і. Яны запаўняюць сабою між іншым паветы Невельскі, Гарадзецкі, Віцебскі, Себежскі і беларускія часткі паветаў Люцынскага і Апочацкага. Паветы гэты заўсёды былі зьвязаныя з Віцебскам і цяпер экономічна да яго найбольш цягнуць. Маюць яны да таго ж вельмі падобную прыроду і блізка роўную гушчыню насяленьня.

Падняўшыся стромка над правым берагам Дзьвіны ў Віцебскім павеце, Віцебска - Невельская Горная Града запаўняе гэты павет і йдзе далей на поўнач, у паветы Гарадзецкі ды Невельскі. У Невельскім павеце, каля паўночнае мяжы Беларусі, ўзгор'е гэтае робіцца асабліва высокім, спады яго