Старонка:Географія Беларусі.pdf/284

Гэта старонка была вычытаная

ўсхонымі, мяйсцовасьць прыймае выгляд саўсім горны, як мы пісалі на стр. 30. Гэтае высокае горнае гняздо, як яго называюць, «Райскія горы», цягнецца з Невельскаіа пав. на захад, у Себежскі павет, У заходнюю частку Себежскага пав., ды у Люцынскі пав. заходзіць Дзьвінскае ўзгор’е; дайшоўшы значнае высачыні каля м. Люцына, яно ніжэе, далей на захад пераходзячы ў Надбалтыцкую нізіну.

Названыя ўзгор’і дзеляць воды басэйну Дзьвіны і рэкаў Ловаці ды Вялікае. Рэкі Ловаць, Вялікая і некаторыя іх прытокі, пачынаючыся ля самае беларускае мяжы з Маскоўшчынаю, вялікага экономічнага значэньня для краіны — ня маюць.

Рака Дзьвіна пераразае папалам Віцебскі павет. Тут ужо яна судаходная. Ад Віцебску ў абодвы бакі ходзяць і баркі, і параходы. Недалёка ад Віцебску на р. Дзьвіне ёсьць значныя парогі (Руба і Капачы). З прытокаў Дзьвіны важнейшы для краіны р. Вобаль, якая пачынавцца з возера Езярышча, ў мяйсцовасьці, асабліва густа засленай вазёрамі, і як раз недалёка ад р. Ловаці. Істнаваў дзеля таго праект злучыць гэтыя рэкі каналамі. Праўда р. Ловаць лёгка было-б зьвязаць каналамі і з іншымі прытокамі Дзьвіны.

Як ні адна іншая краіна Беларусі, засеена Віцебшчына невялікімі вазёрамі. Ўсё сказанае вышэй аб морэнным краі і пасярэдна адносіцца да Віцебшчыны, бо яна якраз і зьяўляецца найбольш тыповаю морэннаю краінаю. З вазёраў, найбольшыя воз. Няшчорда, воз. Іван, воз. Себежскае, воз. Невельскае, воз. Сьвібла. У гэтых вазёрах водзіцца шмат рыбы і рыбалоўства, дзеля таго, дае тут насяленьню значны зарабатак. Аднак пры правядзеньні належнае рыбнае гаспадаркі можна было-б з вазёраў гэтых мець даходы ў шмат разоў большыя.

Краіну пакрываюць вельмі разнародныя грунты. На Віцебска-Невельскай Градзе ляжаць галоўным чынам сугліністыя і цяжкія гляістыя грунты, на захадзе ж краіны, ў Себежскім і Люцынскім паветах, пераважаюць супяскі, хаця шмат спатыкаецца й суглінкаў. На спадах узгор’я, на ўсход і захад ад м. Гарадка, ляжаць дзьве значныя плямы неўраджайнага падзолу, а каля некаторых рэк заляглі вялікія прасторы пяшчаных грунтоў. Асабліва гэта трэба сказаць аб вадазборніку р. Вобалі.

Клімат краіны яшчэ мае на сабе значныя ўплывы недалёка ляжачага мора, але ўжо досіць халодны. Сярэдняя гадавая тэмпэратура каля +5°, тэмпэратура студзеня −7,5°. Ападаў бывае — шмат — каля 600 міл. Неба па большай часьці захмуранае. Такі клімат ня вельмі спрыяе гаспадарцы на цяжкіх грунтох, ці можа, ляпей кажучы, вымагае на цяжкіх грунтох вельмі культурнае і акуратнае гаспадаркі, караючы за ўсякую памылку вымаканьнем руні, гніцьцём збожжа і г. д.

У гаспадарцы тут на першы плян выступаюць дзьве расьліны: ячмень і лён. Ячменю ў Віцебскай краіне сеюць больш, чым дзе на Беларусі. Аўса-ж, за тое, сеюць тут менш чым у большасьці краінаў. Тлумачыцца гэта часткаю кліматычнымі варункамі, часткаю суседзтвам Латвіі, дзе ячменю сеюць асабліва шмат. Шмат сеюць у краіне і лёну, хаця менш, чым у суседняй Смаленшчыне. З гэтага боку краіна займае пасьля Смаленшчыны другое мейсца ў Беларусі. Гаспадарка ў Віцебскай краіне наагул стаіць нявысака. Затым і ўраджаі тут нізкія.