пасёлак пры станцыі таго-ж іменьня, дзе крыжуюцца дзьве важнейшыя палескія чыгункавыя лініі.
Вёска ля Прыпяці.
Кобрынь — паветавае места пры р. Мухаўцу з 10-цю тыс. жыхараў; досіць гандлёвы гарадок, дзякуючы свайму палажэньню пры сыстэме Каралеўскага каналу і чыгунцы.
З мястэчак Кобрыньскага павету адзначаецца Антопаль. Гэта прамысловае мястэчка: ёсьць у ім некалькі гарбарняў і маслабойных заводаў. У м. Янаве (на ўсходзе павету) жыў і замучаны іезуіт Андрэй Баболя, якога каталіцкі касьцёл лічыць сьвятым.
VІІ. Вялікая Палеская нізіна.
Паветы Мо́зырскі, Рэчыцкі і Бабруйскі блізка што на ўсім сваім прасторы носяць чысты палескі характар і рэзка выдзяляюцца спаміж усіх краінаў Беларусі. Гэта край з найменшаю гушчынёю насяленьня і з найбольшым лікам зямлі няпрыдатнай да гаспадаркі.
Вялікая Палеская Нізіна ляжыць уздоўж сярэдняе і ніжняе Прыпяці і ніжняе Бярэзіны. Мяйсцовасьць тут усюдых роўная, слаба пахіленая на паўднёвы ўсход. З акалічных узгор‘яў скатуюцца сюды чысьленыя рэкі, якія, трапіўшы на нізіну, сьцішаюць свой бег і плывуць у нізкіх берагох, абкружаныя часамі на шмат вёрстаў забалочанымі прасторамі. Апрача слабога