беларусы, латышы і маскоўцы. Ад Корсаўкі канчаецца мяжа беларуска-маскоўская, а пачынаецца беларуска-латышская.
На поўнач ад апісаных паветаў беларусы жывуць яшчэ ў Апочацкім і Вяліка-Луцкім паветах, у паўднёвай іх часьці.
На захадзе Апочацкага пав., каля р. Сіняй здабываюць вапну, а каля м. Апочкі — зялезную охру (фарба). Далей на ўсход, аж пад самыя Вялікія Лукі, цягнуцца высокія Вязаўскія Горы, якія тут становяць вададзел паміж р. Вялікаю і Ловацьцю. У гаспадарках сеюць шмат лёну, травы (канюшыны) і ячменю.
Прырубежны беларускі горад Вялікія Лукі ляжыць над р. Ловацьцю і на яе астравох. Успамінаецца аб гэтым горадзе яшчэ ў XII веку; тады ён лежачы на вялікім шляху з Варагаў у Грэкі, быў залежным ад Ноўгарада. Пасьля быў ён даўгі час пад Літвою. Цяпер у В. Луках каля 8 тыс. люднасьці. З промыслаў моцна разьвіта гарбарства.
Беларуская частка Вяліка-Луцкага павету (паўднёвая) моцна лясістая. Люднасьць мае зарабатак ад сплава лесу па р. Ловаці і наагул ад лясных промыслаў.