Прыпяцкае Палесьсе ёсьць зусім апрычонная, непадобная да іншых краёў Беларусі, старонка. Большую яе частку займаюць непраходныя гразкія балоты, паросшыя то высокімі балотнымі травамі, то дробнымі зарасьнікамі і купінамі. Мясцовасьць на паўдня ад Пінску, т. зв. Зарэчча, каля 1500 кв. вёрстаў прастору, увясну і ўвосень зусім заліваецца вадою і мае выгляд вялізнага возера[1])
Паміж балотаў параскіданы астравы — крыху сушэйшыя лапікі зямлі, найчасьцей з пескавымі грунтамі. Па іх растуць хваёвыя бары, будуюцца і гаспадараць рэдкія вёскі паляшукаў. Над усім Прыпяцкім Палесьсем падняты два вялізных астравы з багатаю гліністаю зямлёю і густым насяленьнем — гэта Загародзьдзе каля Пінску і высокі бераг Прыпяці каля Мозыра.
Берасьцейскае Палесьсе, якое займае Кобрынскі, Слонімскі і Берасьцейскі паветы, мае ў сабе так сама вялізазныя балоцістыя прасторы. Аднак дзякуючы лепшай зямлі гэты край досіць густа заселены і бязьлесны.
Полацкая лізіна абыймае большую часьць паветаў Полацкага, Дзісьненскага, Дрысенскага і Дзьвінскага. Яна зьяўляецца прадаўжэньнем ляжачае далей на захад Балтыцкае нізіны. Усходняя яе часьць каля Полацку вельмі лясістая і балоцістая; зямля тут бедная, народ жыве рэдка. Зусім што іншае ў заходняй палавіне дзякуючы багатаму гліністаму грунту.
Абводненьне Беларусі.
Рэкі Беларусі.
Беларускія рэкі цякуць або ў Чорнае або ў Балтыцкае мора. Вададзелам паміж тымі і гэтымі, або, як кажуць, басэйнамі Чорнага і Балтыцкага мора ёсьць Смаленскія ўзгор‘і, Аршанская частка Дняпроўскага, Котарсы, Пышнагор, Менскае і Наваградзкае ўзгор‘е. Далёй на паўдня вададзел ідзець па балотах Берасьцейскага Палесься ажно да меж Баларусі.
Окаўскі лес аддзяляе Беларусь ад басэйну Касьпійскага мора, ад прытокаў Волгі, некаторыя з апошніх так сама маюць свой пачатак на беларускіх узгор‘ях.
У Чорнае мора цячэ найвялікшая ды найважнейшая беларуская рака — Дняпро. Дняпро пачынаецца на Окаўскім лесе, у Бельскім павеце, каля самае мяжы Беларусі. Ен выцякае з імшару каля в. Клёцавае у мясцовасьці вельмі лясістай глухой. Спачатку Дняпро цячэ на паўдня і творыць мяжу Беларусі з Маскоўшчынаю, а крыху не даходзячы м. Дарагабужу паварочавае на захад і цячэ ў гэтым кірунку ажно да Воршы. Пад Воршаю Дняпро перарываецца цераз Дняпроўскае ўзгор‘е і тут на ім ёсьць, ужо ўспамінаныя, Кобеляцкія парагі.
- ↑ Зарэчча паднята над морам на 60-65 сажняў.