У Краслаўцы ёсьць вельмі харошы касьцёл і палац з вялізазным паркам, якія пабудаваў краслаўскі дзедзіч, гр. Зібэрк-Плятэр.
Краслаўка.
У Дзьвінскім павеце беларусы жывуць перамешанымі з латышамі. Чыста беларускімі трэба лічыць толькі ваколіцы Дзьвінску і наагул узьбярэжны пас, уздоўж Дзьвіны, ад Дзьвінску да Друі. У гэтай часьці павету грунты ураджайныя, народ жыве багата.
У Дзьвінскім і суседніх паветах жыве шмат старавераў.
II. Віленскі край.
Да Віленскага краю мы залічуем паветы даўнейшае Віленскае губэрні: Віленскі, Сьвянцянскі, Вялейскі, Ашмянскі і Троцкі. Дзісьненскі павет прылучаны намі да Полацкага Наддзьвіньня, а Лідзкі пав., які так сама належыў да Віленскае губ., мае больш у сабе падобнасьці з Горадзеншчынаю, куды мы яго і прылучаем.
Віленшчына ляжыць на двох горных ланцугох — Віленскім і Завялейскім узгор‘ях, паміж якімі ляжыць шырокая лагчына