Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/11

Гэта старонка была вычытаная
Ангельцы звычайна вельмі пышацца сваёй бацькаўшчынай і часам з пагардай глядзяць на чужаземныя парадкі. Часта ангельцы трымаюцца сваіх звычаяў нават тады, калі яны ўжо аджылі свой век. Характэрнай ангельскай традыцыяй зьяўляецца

звычай асабліва ўрачыстага сьвяткаваньня нядзелі. У нядзелю зачыняюцца ўсе крамы, кавярні, корчмы; спыняюць працу ўсе ўстановы, усе фабрыкі і гуты; зьмяншаецца рух цягнікоў і параходаў. Кожны імкнецца правесьці дзень у сваёй хаце, у сваёй сям'і або адпачыць дзе-небудзь на вёсцы, як мага далей ад клуму гарадоў.

Жыць у вялізных будынках пад аднэй страхой з чужымі людзьмі ангельцы ня любяць. Па магчымасьці кожны ангелец імкнецца завадзіць сваю ўласную, хаця-б і невялікую, хату. З гэтай прычыны вялікія ангельскія гарады заўсёды абкружаны вялікімі прадмесьцямі, у якіх месьціцца гарадзкі люд у асобных будынках у вольны ад працы час. (Звычайна гэтыя будынкі, так званыя котэджы, маюць 2-3 паверхі па адным або па 2-3 пакоі ў кожным паверсе). Люднасьць многапаверхавых камяніц у асяродках гарадоў уначы зьмяншаецца ў некалькі разоў. Толькі ўдзень туды зьбіраюцца людзі з ускрайкаў данага места.
Аднак ангельцы ня ўнікаюць ад грамадзянскага жыцьця. Наадварот, грамадзянства грае ў Ангельшчыне значна большую ролю, як на контынэнце Заходняй Эўропы. Грамадзянства кіруе школьнымі справамі, судом і ўсім мясцовым жыцьцём. Усялякія гурткі, таварыствы, хаўрусы маюць тут асабліва вялікую вагу.
Улюбёнай забавай ангельцаў лічацца розныя тыпы спорту і карысныя для здароўя гульні. На спорце выхоўваецца моладзь, і з гэтай прычыны адзначаецца здароўем і моцнай будовай цела.
Ангельцы выявілі сваю здольнасьць і свой талент ува ўсіх галінах мастацтва і навукі. Дзякуючы ангельскім вучоным, на сучасную вышыню падняліся прыродазнаўства, фізыка, матэматыка. Усяму сьвету вядомы таксама іменьні вялікіх ангельскіх пісьменьнікаў. Аднак асабліва многа зрабілі ангельцы ў галінах тэхнічных навук, у географіі, картографіі, мораходзтве.

Асьвета ў Ангельшчыне стаіць надта высока. Няпісьменных тамака вельмі мала. Усюды апрача пачатковых, сярэдніх і розных тэхнічных школ, ёсьць вячэрнія школы для дарослых, у вышэйшых школах вучыцца слухачоў болей, як у іншых краінах Эўропы[1].

Паўднёва-ўсходнюю Ангельшчыну можна зваць сельска-гаспадарчай толькі параўнаўча з Паўночна-заходняй, дзе сельская гаспадарка ня мае ніякай вагі, а пануе выключна нетракапальная і фабрычная прамысловасьць. Заняткі невясковыя пераважваюць і ў паўднёва-ўсходняй рауніне;

  1. Сярод дзяржаў Эўропы першае месца па ліку слухачоў вышэйшых школ займае Вялікабрытанія. Перад вайной у Вялікабрытанскіх унівэрсытэтах вучылася 43880 слухачоў, у Нямеччыне 46200, у Францыі 32950, у іншых дзяржавах значна меней.