Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/12

Гэта старонка была вычытаная

большасьць насельнікаў і тут жыве па гарадох, але гарады маюць часьцей гандлёвае, чым прамысловае значэньне, дый прамысловасьць іх грунтуецца на апрацоўцы продуктаў сельскай гаспадаркі.

Ральніцтва ў Паўднёва-Ўсходняй Ангельшчыне стаіць досыць добра, выраб зямлі адбываецца пры помачы найлепшых прылад па палепшаных спосабах гаспадаркі. Сеюць тут пераважна пшаніцу і ячмень, зьбіраюць багатыя ўраджай, але свайго збожжа не хапае, бо яго вельмі многа вымагаюць буйныя гарады, якіх тут вельмі многа. З гэтай прычыны сюды яшчэ прывозіцца збожжа з-за межаў: з Канады, з Злучаных Штатаў Паўночнай Амэрыкі, з Паўднёва-Усходняй Эўропы. Большую вагу маюць тэхнічныя расьліны, якія даюць матар'ял для мясцовых фабрык, асабліва хмель. Добра ўзрастае й садовіна: яблыні, ігрушы. Значныя прасторы засяваюцца кармавымі травамі; апрача таго шмат у краіне і натуральных лугоў, так што гадоўля жывёлы знаходзіцца ў добрых варунках. Ангельскія гаспадары панавучаліся выгадоўваць найлепшыя гатункі рознай заводзкай жывёлы. Ангельскія коні вядомы на ўвесь сьвет лёгкасьцю і шпаркасьцю бегу; ангельскія сьвіньні адзначаюцца тлустасьцю і далікатным смачным мясам; па колькасьці авечак параўнаўча з прасторай з Ангельшчынай ня можа спрачацца ніводная краіна сьвету. Лепшую заводную жывёлу з Ангельшчыны вывозяць ува ўсе куты сьвету, але мясам і малаком, як і збожжам, краіна ня можа задаволіць сваё вельмі густое насяленьне, і мусіць гэтыя продукты прывозіць з Голяндыі, з Аргентыны, з Аўстраліі, Скандынавіі, Pаcіі.