Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/14

Гэта старонка была вычытаная

нага палажэньня. Як на захад і на поўнач, у прамысловыя гарады заходняй Ангельшчыны, гэтак і на ўсход, на паўвостравы Кент і Норфольк, ад Лёндону праменямі разыходзяцца чыгункі. Лёндон ляжыць ля ўсходніх берагоў Ангельшчыны, значыць бліжэй за ўсё да Бэльгіі, Голяндыі, Нямеччыны, Польшчы, Бальтыцкіх краін, Расіі, а з гэтымі краямі вельмі бойка гандлюе Ангельшчына. Зразумела, што Лёндон, дзякуючы свайму палажэньню, мусіў зрабіцца найгандлёвейшым горадам Ангельшчыны, а разам з тым і ўсяго сьвету. Толькі ў апошнія перад вайной гады яго перагнаў па сваіх гандлёвых абаротах Нью-Ёрк, ды прыстані Заходняй Ангельшчыны пачалі з ім супарнічаць на полі замежнага гандлю ад таго часу, як пашырыўся гандаль з Амэрыкай. Аднак пакуль што Лёндон яшчэ займае першае месца ў Эўропе (гандлёвы абарот яго дасягаў перад вайной 3482 мільёнаў залатых рублёў).

Лёндон—самы вялікі горад сьвету. У ім жыве, лічачы прадмесьці, 7.500.000 насельнікаў, значыць болей, як ува ўсёй Бэльгіі, Голяндыі, у БССР або ў Швэдзіі.

Вялікія акіянскія караблі прыстаюць трохі ніжэй Лёндону; там на некалькі дзесяткаў вёрст абапал Тэмзы цягнецца вялізная Лёндонская прыстань. Але й вышэй па Тэмзе мітусяцца ўсялякія параходы, катэры, лайбы.

Пад зямлёй і над зямлёй па горадзе носяцца трамваі, злучаючы паміж сабой далёка раскінутыя прадмесьці.

Лёндон—тыповы ангельскі горад. Удзень мільёны людзей зьбіраюцца ў асяродку яго, у гэтак зв. Сіты. Уночы ўсе разьяжджаюцца па дамох на ўскрайкі сталіцы, тады як у Сіты на-