Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/4

Гэта старонка была вычытаная

ніколі; наадварот, паўночныя берагі знаходзяцца пад уплывам халоднай адканцавоснай плыні, і там па моры заўсёды плаваюць вялізныя крыгі — лёдавыя горы (айсбэргі). У залежнасьці ад гэтых плыняй і клімат Ісляндыі на поўдні значна цяплейшы, хаця наагул паўсюды можа лічыцца мерным, мяккім, морскім, прахалодным.

У сталіцы Ісляндыі Рэйк'явіку сярэдняя тэмп. году +3,3°, сяр. тэмп, самага халоднага месяца (лютага) -3,1°, самага цёплага (ліпеня) +11,8°; ападкаў за год там выпадае 750 мілім.

На поўдні вострава сьнег ляжыць доўга толькі на горах, на нізінах-жа растае і сходзіць некалькі разоў узімку, бо зіма тамака досыць мяккая, маразы чаргуюцца з адлігамі. Затое і лета там хмарнае, халоднае, заўсёды ймгла, туман, рэдка калі на хвілю з-за воблакаў выгляде сонца.

Лес ня можа расьці ў такім клімаце. Для дрэў замала сонца й цяллыні. Хіба толькі хмызьнячкі лазы, падканцавоснай бярозкі ды рабіны сустракаюцца дзе-ні-дзе па паўднёвых схілах ісляндзкага узвышша. Затое трава, мох і лішаі (напрыклад, лішай "ісляндзкі мох") растуць там добра. Шмат ягад дакць буякі ды чарнічнік. Збожжа не дасьпявае ў гэтай старонцы, але бульба, капуста і рэпа часамі прыносяць добры ўраджай. З дзікіх жывёл спатыкаецца пясец або блакітны ліс і зьдзічэлы, завезены туды чалавекам гадоў 150 назад паўночны алень. Даволі многа сустракаецца птушак, пераважна морскіх. Найкарысьнейшай з іх трэба лічыць гагу, каштоўны пух якой насельнікі вострава зьбіраюць ды прадаюць за межы. У моры трапляецца багата рыбы, так што каля 18% люднасьці займаецца рыбацтвам. Па лугох пасьвяць многа дамовай жывёлы, асабліва авечак і быдла (на 95000 насельнікаў краю прыпадае 24000 штукі быдла і 842000 авечак). Сушаная й салоная рыба, воўна, панчохі, бараніна, лой, скура нэрпаў, пух гаг, хутры лісаў вывозяцца за межы.

Насельнікі вострава належаць да даньска-нарвэскай галіны гэрманскіх народаў.

Ісляндыю вынайшлі й залюднілі ў 874 г. даўныя нарвэжцы — сьмелыя мараходцы-вікінгі. Патомкі іх, жывучы далёка ад іншых народаў, не маглі мяшацца з суседзямі і да сяго часу ўжываюць стара-скандынаўскую мову і пяюць песьні ды казкі-сагі аб старасьвецкіх скандынаўскіх асілках. Захаваўшы даўныя звычаі і норавы, ісляндцы аднак паставілі ў сябе досыць высока асьвету. Няпісьменных сярод іх няма, большасьць атрымоўвае сярэднюю і нават вышэйшую адукацыю.
Ісляндцы політычна з даўных часоў залежалі ад Даньскай дзяржавы, але карысталіся самаўрадам. Цяпер Ісляндыя самастойная дзяржава (104785 кв. клм., 95000 населенікаў), мае свой парлямэнт, але лічыцца злучанай з Даніяй, кароль якой адначасна зьяўляецца каралём Ісляндыі.
Сталіца Ісляндыі — Рэйк'явік — па сваёй велічыні зьяўляецца хутчэй вёскай, чымся горадам, але адзначаецца чыстатой і прыгожасьцю, мае гімназію і нават унівэрсытэт з богаслоўскім і медыцынскім аддзеламі.