Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/5

Гэта старонка была вычытаная

На паўдарозе між Ісляндыяй і Брытанскімі астравамі ляжаць вульканічныя Фарэрскія або Авечыя астравы. Клімат гэтых астравоў вельмі вільгатны і параўнаўча цёплы.

(Сярэдняя тэмп. студзеня +3,2°, ліпеня +10,8; ападкаў — 1600 мілім.).

Насельнікі зьбіраюць гагачы пух, яечкі розных морскіх птушак, ловяць рыбу, але галоўным чынам займаюцца гадоўляй авечак. Фарэрскія астравы належаць да Даніі.

Брытанскія астравы.

(Азнач географічную шырыню і даўжыню Брытанскіх астравоў. Якія моры іх атачаюць? Якія пратокі аддзяляюць іх ад контынэнту Эўропы? Якія астравы ўваходзяць у склад Брытанскіх? Якое мора аддзяляе Вялікабрытанію ад Ірляндыі?).

Брытанская старана складаецца з двох вялікіх астравоў: Вялікабрытаніі і Ірляндыі і некалькіх дробных. Па сваёй прыродзе гэта — тыповая частка Заходняй Эўропы, вельмі падобная да суседніх старон контынэнту. Быў час, што Брытанскія астравы былі й самі часткай гэтага контынэнту, а пратокі Ляманш і Па-дэ-Кале, што цяпер адлучаюць Вялікабрытанію ад Францыі, былі сухазем'ем.

Мераючы глыбіню гэтых пратокаў і суседняга Нямецкага мора, знайшлі, што па іх дне пралягаюць падморскія даліны, якія цягнуцца ад вусьцяў сучасных рэк аж да адкрытага Атлянтычнага акіяну. Гэта даліны даўных рэк, што беглі па даўным сухазем'і, якое цяпер перавярнулася у мора. Падморскі працяг даліны Тэмзы, галоўнай брытанскай ракі, злучаецца з працягам даліны Рэну, які ўліваецца ў Нямецкае мора з контынэнту насупроціў Тэмзы. Адгэтуль відаць, што даўней Тэмза была прытокай Рэну, а Паўднёвая Вялікабрытанія разам з Заходняй Нямеччынай і Паўночнай Францыяй уваходзіла ў склад адзінага рэчнага вадазбору.

Мора, асабліва на захадзе, глыбока ўразаецца ў берагі Брытанскіх астравоў многалічнымі затокамі і буктамі, выгоднымі для прыстою караблёў. (Пераглядзі па карце назовы галоўных заток, урэзаных у Вялікабрытанію). Асабліва глыбока ўразаюцца ў сухазем'е даўгія лейкавідныя затокі (напр., Брыстольская), слынныя тым, што ў іх асабліва моцна адчуваюцца морскія прыплывы. Морскія затокі разьдзяляюць астравы на некалькі асобных паўвастравоў, так што абрыс старонкі крыху падобны да абрысу Грэцыі. (Пераглядзі назовы галоўных паўвастравоў Вялікабрытаніі).

Паверхня галоўных астравоў даволі рознастайная. Спрадвечныя хмурыя горставыя горы чаргуюцца з вялікімі роўнымі або ўзгаркаватымі нізінамі. На поўначы Вялікабрытаніі, у так званай Шотляндыі, горсты маюць