Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/58

Гэта старонка не была вычытаная

шмат супольнага з славянамі і ў абліччы і ў звычаях. Наадварот, паўднёва-заходнія немцы маюць многа кельцкай крыві, бо на паўднёвым-захадзе Гэрманіі даўней жылі кельцкія пляменьні.

Немцы вельмі здатныя і працаздольныя людзі. Упартасьць у працы, ахайнасьць, акуратнасьць, уменьне разьмеркаваць свой час, вытрыманасьць―вось галоўныя ўласьцівасьці нямецкага народу. Хаўрусы, таварыствы, гурткі шырока распаўсюджыліся і граюць вялікую ролю ў Нямеччыне. У гэтых таварыствах

выяўляецца вялікая прыхільнасьць нямецкага народу да грамадзянскай працы. Сталасьць і працавітасьць немцаў выяўляецца і ў навуцы, дзе немцы далі асабліва многа сваіх прадстаўнікоў ува ўсіх галінах веды.

Асьвета сярод немцаў стаіць надзвычайна высока. Няпісьменных тут няма, пачатковае навучаньне абавязковае і агульнае. Па ліку унівэрсытэтаў Гэрманія займае першае месца ў Эўропе. Сусьветнай славай карыстаюцца нямецкія Вышэйıцыя тэхнічныя школы. Вельмі высока стаіць там і друк, і па колькасьці друкаваных выданьняў з гэрманскай стараной ня можа спрачацца ніводная старонка Эўропы.

За выключэньнем Ютляндыі, якая разам з суседнімі астравамі складае Даньскае каралеўства, і вусьцяў Рэну, у якіх утварылася голяндзкая дзяржава, рэшта Гэрманскай стараны належыць да Нямецкае рэспублікі (469.000 кв. клм., 59.700.000 насельн.). Нямецкая рэспубліка лічыцца фэдэрацыйнай або саюзнай і складаецца з 18 асобных дзяржаў, з якіх кожная мае свой урад і свае мясцовыя законы. Аднак мясцовыя законы ня могуць ісьці супроць агульна-дзяржаўных, і саюзны ўрад мае права мяшацца ўва ўнутраныя справы кожнай малой дзяржавы. Паміж саюзнымі дзяржавамі няма поўнай роўнасьці. Фактычна ў Нямеччыне пануе адна з саюзных дзяржаў-Прусія, да якой належыць большая частка Нямецкае рэспублікі. Усе іншыя дзяржавы ў большай ці меншай меры залежаць ад Прусіі. Cаюзны ўрад разьбязвае галоўныя пытаньні замежнай і ўнутраной політыкі, юстыцыі, фабрычнага права і г. д. На чале Нямеччыны стаяць рэйхстаг або парлямэнт, абіраны ўсім насельніцтвам, і дзяржаўная рада, складзеная з прадстаўнікаў асобных дзяржаў.

Да вайны Нямеччына была саюзнай монархіяй, у склад якой уваходзіла 26 саюзных дзяржаў, кожная з якіх мела на чале свайго караля або гэрцога. Аднак кароль Прусіі быў адначасна імпэраторам усёй Нямеччыны. Нямеччына перад вайной была аднэй з наймагутнейшых дзяржаў сьвету. Да яе належалі вялізныя колёніі ў Афрыцы і Акіяніі; шмат якія заэўропэйскія дзяржавы знаходзіліся пад нямецкім уплывам. У самай Эўропе ўладаньні Нямеччыны былі значна большымі, чымся цяпер: да ея належалі Альзас і Усходняя Лётарынгія, якія цяпер адышлі да Францыі, і вялікая частка сучаснай Польшчы (Познань, Заходняя Прусія, частка Горнага Шлёнзку). Магутнае разьвіцьцё нямецкай прамысловасьці дазволіла гэтай дзяржаве ўзбраяцца лепш за Францыю або Расію.