Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/6

Гэта старонка была вычытаная

плоскія вярхі і зрывістыя схілы, паабдзіраныя даўнымі ледавікамі. У паўднёвай Вялікабрытаніі, а таксама ў Ірляндыі вярхі гор акругленыя, схілы адхонныя, сьлядоў ледавіковай дзейнасьці мала.

Дзякуючы беспасрэднаму ўплыву Гольфштрому клімат Брытанскай старонкі, асабліва на захадзе, вельмі роўны і вільгатны. Бязмала заўсёды кропіць дождж, заўседы туманна, хмарна. Маразы бываюць хіба толькі ў горах, звычайна-ж зіма цёплая, як у Паўднёвай Эўропе. Рэкі ніколі не замярзаюць; сьнег на нізінах доўга не ляжыць. Улетку сонечныя дні бываюць, дый то ня часта, толькі на ўсходзе. Наагул кажучы, лета такое, як на ўзьбярэжжы Белага мора каля Архангельску. У Шотляндыі па схілах гор растуць хваёвыя бары; Паўднёвая Вялікабрытанія, або Ангельшчына, і Ірляндыя належаць да пасу мяшаных лясоў, але лясоў паўсюды засталося мала (каля 40 прасторы). Большая частка зямлі знаходзіцца пад поплавамі ды пашай, па якой, з прычыны цёплай бясьсьнежнай зімы, жывёлу можна пасьвіць без перарыву цэлы год. Трава паўсюды расьце вельмі добра, як дзе-небудзь на альпійскіх лугох. Павабнай аздобай краявіду зьяўляюцца „паркі“, у якіх штучна захованыя гайкі букаў і іншых дрэў чаргуюцца з лугавінамі і сенажацямі. Буйныя земляўласьнікі, да якіх належаць гэтыя паркі, трымаюць там для паляваньня аленяў, лісаў, зайцоў, фазанаў, курапат і г. д. Затое ваўкі й мядзьведзі, якія й да сяго часу трапляюцца ў пушчах контынэнту, даўно ўжо зьвяліся на Брытанскіх астравох.

Насяленьне Брытанскіх астравоў паводле мовы разьдзяляецца на ангельцаў і кельтаў. Паангельску гаворыць 50% усяго насяленьня. Старадаўная кельцкая мова захавалася толькі на захадзе Ангельшчыны (на паўвостраве Уэльсе), на захадзе Шотляндыі, на захадзе Ірляндыі ды па некаторых дробных астравох.

Кельты лічацца пачатковымі тубыльцамі краю, хаця магчыма, што раней за іх тут жылі ібэрыйцы, з якімі кельты перамяшаліся. У час вялікіх перасяленьняў на ўсходзе Вялікабрытаніі асталяваліся розныя гэрманскія пляменьні: англы, саксы і іншыя, якія часткай адціснулі кельтаў на захад, часткай перамяшаліся з імі. З часам (у ХІ веку) з Францыі сюды перасяліліся яшчэ нормандцы, якія занесьлі адтуль францускую мову і звычаі. Вынікам зьмяшаньня нормандцаў з англа-саксамі зьявілася новая ангельская нацыя. На поўдні Вялікабрытаніі ўтварылася магутная дзяржава Ангельшчына. Толькі паўвостраў Уэльс досыць доўга бараніў ад ангельцаў сваю незалежнасьць, а сваю даўна-кельцкую мову захаваў аж да сучаснага моманту. У Шотляндыі правадыром гэрманскіх пляменьняў не пашанцавала стварыць сваёй дзяржавы. Наадварот, кельты тамака перамаглі перасяленцаў, так што ўтвораная там Шотляндзкая дзяржава была кельцкай нацыянальнай дзяржавай. Таксама ў Ірляндыі кельцкія пляменьні згуртаваліся ў адзіную Ірляндзкую дзяржаву.
Дзякуючы выгаднейшаму палажэньню каля самага контынэнту, дзякуючы роўнай паверхні, лепшаму клімату і лепшым грунтом, Ангельшчына была самай багатай і самай магутнай