Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/61

Гэта старонка не была вычытаная

мора, так што мора, часамі прабіваючыся праз выдмы, залівае значныя сухаземныя прасторы. Так утварыліся плыткія і шырокія затокі--так званыя гафы, аддзеленыя ад адкрытага мора валам выдмаў. На поўдні выдмы зусім адарваліся ад сухазем'я і перавярнуліся ў шэраг астраўкоў (Паўночна-Фрызляндзкіх).

Лежачы значна далей на поўнач, як усе іншыя краіны Гэрманскай стараны, Данія мае і халаднейшы клімат. Праўда, блізкасьць мора зьмяншае зімовую сьцюжу, і значных маразоў тут ня бывае, але ўлетку тут замала сьвятла і цяплыні, так што звычайнае дрэва нашай бацькаўшчыны елка, якая добра расьце паўсюды ў Нямеччыне, тутака расьці ня можа.

У горадзе Копэнгагене, на востраве Зэлянд, сярэдн. тэмп. году-+7,5, сяр. тэмп. самага халоднага месяца лютага -0,1°, самага цёплага ліпеня +16,4°. Ападкаў тамака выпадае штогод 560 мілім.

Люднасьць краіны складаецца пераважна з даньцаў. Гэта здольны, працавіты і культурны народ. Няпісьменных сярод іх вельмі мала; па сканчэньні пачатковай школы большасьць мае магчымасьць папоўніць сваю асьвету ў так званых вышэйшых народных школах. Сялянства тут жыве замажней, як ува Францыі або ў суседняй Нямеччыне, лепей за нашую дробную шляхту. Наагул народнае багацьце разьмяркована роўна паміж насельнікамі. Асновай народнага дабрабыту зьяўляецца гадоўля жывёлы. Асабліва дбаюць даньцы аб разьвіцьці малачарства. (Значную ролю ў разьвіцьці малачарства граюць у Даніі малочныя коопэратывы). На кожны квадратны кілёмэтр прыпадае тутака 46 штук малочнага быдла (у нас на Беларусі толькі 11). Па колькасьці сьвіней, параўнаўча з прасторай, Данія займае першае месца на сьвеце. Зразумела, што найлепшыя ўмовы для свайго разьвіцьця знаходзіць гадоўля жывёлы на болей ураджайным усходзе. На захадзе па скудных пескаватых лугох трымаюць галоўным чынам дробную жывёлу-авечак і коз. Продукты гадоўлі жывёлы: мяса, масла, яечкі хатніх птушак складаюць галоўны тавар, якім гандлюе краіна. Ральніцтва грае другарадную ролю. Лугі займаюць бязмаль столькі прасторы, як і нівы, дый на полі сеюць больш такія расьліны, якія ідуць на страву жывёле: авес, ячмень, кармавыя травы, бульбу. Пшаніцы і жыта сеюць мала, і збожжа купляюць за межамі. Сеюць цукровыя буракі і вырабляюць, многа цукру. На ўзьбярэжжах даньцы займаюцца апрача таго рыбацтвам. З прычыны адсутнасьці вугалю і жалеза фабрычная прамысловасьць стаіць нявысока. Апрацоўваюцца галоўным чынам продукты гадоўлі жывёлы і наагул сельскай гаспадаркі: вырабляюць пальчаткі, піва, гарэлку, цукер і г. д. Фабрыкі карыстаюцца прывезеным з-за межаў апалам.

Палажэньне краіны на сухаземнай дарозе з Нямеччыны ў Скандынавію і на морскім шляху з Балтыцкага мора ў акіян з даўных часоў дапамагала разьвіцьцю даньскага гандлю і ўзрастаньню магутнасьці ўтворанай тут Даньскай дзяржавы. У кан-