Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/7

Гэта старонка была вычытаная

з дзяржаў, якія ўтварыліся на Брытанскіх астравох. Спачатку Уэльс, потым Ірляндыя, нарэшце й Шотляндыя падпалі пад яе панаваньне і зьліліся ў адну магутную дзяржаўную адзінку, у гэтак званае Злучанае Каралеўства Вялікабрытаніі і Ірляндыі, або карацей—у Брытанскую дзяржаву. Ангельская мова, якая лічыцца адной з гэрманскіх моў з дамешкай занесеных нормандцамі слоў францускага пахаджэньня, перакінулася на Ірляндыю і на Шотляндыю, так што кельцкія мовы захаваліся толькі ў самых няпрытульных куточках старонкі. Ня гледзячы на запазычаньне ангельскай мовы, ірляндцы й шотляндцы аднак да сяго часу воража глядзяць на ангельцаў і, ня гледзячы на векавую дзяржаўную злучнасьць, імкнуцца (прынамсі ірляндцы) атрымаць самастойнасьць.

У сучасную эпоху ўсе часткі Брытанскай стараны ўваходзяць у склад Брытанскай дзяржавы (312000 кв. клм., 48 мільёнаў насельнікаў). Па сваім дзяржаўным ладзе Брытанская дзяржава лічыцца констытуцыйнай монархіяй. На чале яе стаіць кароль, але ўся законадаўчая ўлада знаходзіцца ў руках парлямэнту, які складаецца з дзьвëх палат (палаты лёрдаў і палаты народных прадстаўнікоў). Ірляндыя мае свой асобны парлямэнт. Выканаўчая улада ў Вялікабрытаніі належыць да рады міністраў, адказных перад парлямэнтам. Географічнае палажэньне Брытанскай дзяржавы трэба лічыць вельмі выгодным. Ангельшчына пануе над галоўнымі вадзянымі дарогамі Эўропы. Нямецкае і Балтыцкае моры зьяўляюцца лепшай дарогай адгэтуль на усход, Эльба і Рэн адчыняюць дарогу ў самае сэрца Нямеччыны; Шэльда і Сэна злучаюць тое-ж нямецкае мора і Ля-манш з сярэдзінай Францускай старонкі. З таго часу, як пачала залюдняцца Паўночная Амэрыка, а Атлянтычны акіян зрабіўся галоўнай сусьветнай гандлёвай дарогай, Ангельшчына апынулася ў самым асяродку культурнага сьвету. Узрастаньню і красаваньню яе дапамагала й самае палажэньне на астравох, бо перашкаджала варожым войскам забірацца ў Ангельшчыну і руйнаваць яе. Пашматаныя выгоднымі буктамі берагі, даступнасьць унутраных частак стараны, багацьце на карысныя мінэралы, усё гэта зрабіла Брытанскую дзяржаву самай гандлёвай стараной сьвету, самай магутнай морскай дзяржавай. Лёндон, яе сталіца, зрабіўся галоўным складачным месцам для тавараў, якія вывозіліся з Эўропы ў Амэрыку і іншыя заэўропэйскія краі, або прывозіліся ў Эўропу з заэўропэйскіх краін. Толькі ў час сусьветнай вайны 1914-18 гадоў Ангельшчына страціла першае ў сьвеце месца па вывазе й прывозе тавараў, бо за час вайны яе перагнала з гэтага боку Паўночна-Амэрыканская Злучаная Рэспубліка (Злучаныя Штаты). Болей за ўсё ў Ангельшчыну прывозіцца спажыўных продуктаў і рознай сырыны, а вывозяцца з Ангельшчыны пераважна вырабы ангельскіх фабрык і карысныя мінэралы.

У склад ангельскага гандлёвага флëту ўваходзіць каля 11000 вялікіх морскіх караблёў, так што на гэтым полі з Ангельшчынай ня можа раўняцца ніводная з іншых дзяржаў сьвету. Толькі у час вайны ў Злучаных Штатах пачалі будаваць новыя морскія судзіны ў большым ліку, як будуюць у Ангельшчыне.