Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/71

Гэта старонка не была вычытаная

На поўначы краіны цягнецца паласа тыповых морэнавых узгор'яў, багатых вазёрамі ледавіковага пахаджэньня. (Гэтыя ўзгорі адпавядаюць канцовым морзнам, нанесеным у час апошняга зьледзяненьня). На захадзе паласа ўзгор'яў падыходзіць да самага Балтыцкага мора, на ўсходзе між узгор'ямі і морам распасьціраецца паўзьбярэжная нізінная палоска. На поўдзень ад паласы ўзгор'яў ізноў цягнецца паласа нізін, па якіх і рэкі цякуць у шырынёвым кірунку, пакуль не прарвуцца праз морзнавыя ўзгоркі ў бок Балтыцкага мора. Гэтыя нізіны адзначаюцца роўнай паверхняй і нагадваюць нашую Палескую нізіну. Паласа нізін мае вялікую гандлёвую вагу, бо па ёй праходзяць галоўныя сухаземныя дарогі з Заходняй Эўропы ў Польшчу, Беларусь і Маскоўшчыну. Рэкі Лаба з Гавэлем, які мае прытоку Шпрэ. Одэр з Вартай і іншыя, што бягуць на паласе нізін, злучаны паміж сабой сеткай штучных вадзяных дарог-каналаў. Такім чынам паласа нізін мае найлепшыя ўмовы для разьвіцьця ўнутранога гандлю.

Грунты ў Паўночна-Усходняй Нямеччыне лепшыя, як у Паўночна-Заходняй.

Ураджайная гліністая глеба займае тут болей прасторы, а пяскі і балоты трапляюцца радзей. Клімат тут сушэйшы, неба часьцей бывае ясным, сонечным.

Сярэд. тэмп. году ў Бэрліне + 8,6º, значыць бязмаль такая самая, як у Гамбурзе, але ўзімку тут халадней (сярэдняя тэмпэратура студзеня -0,2º,), а ўлетку цяплей (сярэд. тэмп, ліпеня +18,4º). Ападкаў 500-600 мілім.

Лясоў тут захавалася досыць многа. Па пескавых выдмавых узьбярэжжах пераважваюць хваёвыя бары, у іншых месцах часьцей трапляюцца яловыя, букавыя і дубовыя лясы.

Насельнікі краіны-тыя самыя ніжня-немцы, што і ў Паўночна-заходняй Нямеччыне (ніжня-саксы), але даўней тут жылі славянскія пляменьні, і хаця яны даўно анямечыліся, але ўплывы падмешкі іхняй крыві адбіваюцца і на сучаснай нямецкай люднасьці. Тутэйшыя немцы маюць шмат славянскіх рысак у абліччы. Сярод іх часта спатыкаюцца круглагаловыя і шырокатварыя, як славяне, асобы. У змаганьні з суседзямі і з даволі жорсткай прыродай склаўся характар мясцовых немцаў. Гэта ўпарты, хмуры і жорсткі народ, згуртаваны ў моцную грамадзянскую адзінку, шануючы дысцыпліну, паслухмянства і парадак.

Няма нічога дзіўнага, што тут на ўскрайку Гэрманіі стварылася наймацнейшая з нямецкіх дзяржаў-жалезная магутная Прусія, пад уладай якой хутка апынулася ўся Паўночна-Усходняя Нямеччына, а потым яшчэ вялікія часткі іншых краін Гэрманіі. З Прусіяй мусілі злучыцца ў адну фэдэрацыю і тыя нямецкія дзяржавы, якія яшчэ засталіся самастойнымі (за выключэньнем Аўстрыі). Фактычна Прусія неабмяжована пануе ў Нямецкай фэдэрацыі, а да рэволюцыі, як мы ўжо ведаем, прускія каралі зьяўляліся адначасна нямецкімі імпэраторамі.