Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/83

Гэта старонка не была вычытаная

ланцуг Чэскі Лес. Паверхня тут яшчэ болей рознастайная, як у Сярэдняй Нямеччыне. Значныя горы чаргуюцца тутака з катлінамі-грабэнамі, па якіх працякаюць важныя суднаходныя рэкі.

Да гэтых грабэнаў належаць: Вышня-Рэнская нізіна, што аддзяляе Францыю ад Нямеччыны; Швабія, або вадазбор Нэкару, прытокі Рэну; Франконія, па якой цячэ Майн; нарэшце даліна Вышняга Дунаю. Грабэны гэтыя аддзяляюцца адзін ад аднаго горстамі, да якіх належаць: Шварцвальд (Чорны Лес), гранітнае ўзвышша, выцягнутае між Вышня-Рэнскім грабэнам і Швабіяй; Шваба-Франконская Юра, што апускаецца прыступкамі ў бок Шваблі і Франконіі, а ў бок Дунаю абрываецца вапняковым схілам, слынным сваімі пячорамі, зьнікаючымі рэкамі і іншымі карставымі зьявамі, нарэшце крышталічны горст Чэскі лес, узгранічны між Нямеччынай і Чэхіяй.

Самая паўднёвая частка краіны, што ляжыць на поўдзень ад Дунаю, завецца Шваба-Баварскім плоскаўзвышшам, паволі павышаецца на поўдзень і пераходзіць у прыгор'і Альп. Гэтае плоскаўзвышша абвадняецца левымі альпійскімі прытокамі Дунаю, і на поўдні завалена адкладамі альпійскіх ледавікоў, сярод якіх раскіданы невялікія ледавіковыя вазёры.

Катліны Паўднёвай Нямеччыны (асабліва Вышня-Рэнскі грабэн і Франконія) адзначаюцца ўраджайнымі лёзсавымі грунтамі, прыемным сонечным кліматам і багатай расьліннасьцю.

Сярэдняя тэмп. году ў Нюрнбэрзе ў Франконіі +8,4°, сяр. студзеня -1,3°, ліпеня +18,7°.

Там добра ўзрастае вінаграднік і розныя пладовыя дрэвы, сьпеюць кіяхі і пшаніца, сустракаецца нават ядобны каштан.

Горы краіны не дасягаюць значнай вышыні (вярхі Шварцвальду ледзь перавышаюць 1400 м. н. р. м.), але на вярхох іх ёсьць сьляды даўнага зьледзяненьня, грунты іх горшыя, як па катлінах, клімат халаднейшы і вільгатнейшы, схілы парасьлі густымі лясамі.

(З гэтай прычыны яны і маюць назоў wald'аў або лясоў Шварц-вальд, яго працяг Одэн-вальд, Чэскі Лес).

Шваба-Баварскае плоскаўзвышша мае таксама параўнаўча халодны клімат і многа ападкаў і адзначаецца багацьцем на балоты і поплавы.

Сярэдняя тэмп. году ў асяродку плоскаўзвышша ў Мюнхэне +7,5°, сяр. студзеня -2,2°, ліпеня +17,5°. Ападкаў там 840 мілім.

Тут ужо ня можа расьці ані вінаграднік, ані ядобны каштан. Пладовыя дрэвы, кіяхі і пшаніца растуць дрэнна.

Наагул як паверхня, гэтак і клімат у Паўднёвай Нямеччыне яшчэ болей рознастайны, чым у Сярэдняй.