Старонка:Географія Эўропы Заходняя Эўропа.pdf/86

Гэта старонка не была вычытаная

Гарады Паўднёвай Нямеччыны красавалі ўжо ў сярэднія вякі, вялі бойкі гандаль і складаліся ў магутныя гандлёвыя хаўрусы гарадоў; рамёслы і прамысловасьць, навука і мастацтва дасягалі ў іх значнага разьвіцьця. У пазьнейшыя часы агульны заняпад Нямеччыны выклікаў заняпад і паўднёва-нямецкіх гарадоў. Толькі ў XІX в. ізноў яны пачалі расьці і адбудоўвацца адначасна з узрастаньнем прамысловасьці і гандлю ўва ўсёй Гэрманіі.

Згодна з гэтымі двума пэрыодамі ўзрастаньня большасьць тутэйшых гарадоў складаецца з дзьвёх частак: старасьвецкага гораду, у якім пераважваюць вузкія завулкі, готычныя цэрквы, сярэдня-вяковыя будынкі, крытыя дахоўкай, а часамі захаваліся і руіны даўнай гарадзкой сьцяны, і сучаснага гораду з многапаверхавамі камяніцамі, фабрыкамі, палацамі музэяў, вакзалаў і унівэрсытэтаў, з бульварамі й шырокімі вуліцамі.

Мал. 69.-Мюнхэн. Гарадзкая ратуша.

Найвялікшы горад краіны Мюнхэн (631000 нас.) ляжыць у асяродку Шваба-Баварскага плоскаўзвышша і гандлюе сельска-гаспадарчымі вырабамі гэтай акругі. Дзякуючы свайму унівэрсытэту і вышэйшай тэхнічнай школе, горад зьяўляецца важным культурным асяродкам. Як сталіца Баварыі, ён меў у Паўднёвай Нямеччыне такую-ж вагу, як сталіца Прусіі, Берлін, на поўначы.

У вадазборы вышняга Майну (у Баварскай Франконіі) ляжыць старасьвецкі прамысловы Нюрнбэрг (353000 нас.). слынны вырабам піва, дзіцячых цацак, алоўкаў і розных вучэбных прылад.