Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/10

Гэта старонка была вычытаная

Благое становішча прамысловацьці ды і ўсёй гаспадаркі сьведчыць аб нізкай ступені культуры ў Гішпаніі. Каля ⅔ люднасьці належыць да няпісьменых. Нявысока стаіць і сярэдняя, і вышэйшая адукацыя. Праўда, вышэйшых школ даволі многа, але як навуковыя ўстановы, гэтыя школы стаяць яшчэ вельмі далёка ад унівэрсытэтаў культурных старонак Эўропы: Ангельшчыны, Францыі або Нямеччыны. Цёмныя, але пышныя кастыльцы ўсюды, дзе толькі ім выпадала, нішчылі мясцовую культуру; усе захопленыя імі старонкі хутка прыходзілі ў заняпад.

У асяродку Кастыльскага плоскаўзвышша і ў асяродку ўсяго Пірэнэйскага паўвострава, на месцы скрыжаваньня галоўных гандлёвых чыгунак яго, ляжыць сталіца Гішпанскай дзяржавы Мадрыд (751000 насельн. у 1920 годзе). Тут жыве гішпанскі кароль і знаходзіцца парлямэнт (Гішпанія - констытуцыйная монархія). Гэта адначасна адміністрацыйны, гандлёвы й культурны асяродак Гішпаніі.

Арагонская нізіна ляжыць на ўсход ад Мэзэты ў вадазборы ракі Эбро. Усходнія ўскрайныя горы Мэзэты складаюць нібы заходнюю сьценку яе; на поўнач ад нізіны ўздымаюцца магутныя Пірэнэі; з усходу яна адлучана ад мора гэтак званымі Каталёнскімі гарамі, праз якія ў вузкай цясьніне прабіваецца Эбро. Такім чынам Арагонія, як і Мэзэта, нібы зачынена ад вільгатных морскіх вятроў і адзначаецца такім самым сухім, контынэнтавым кліматам. Аднак, лежачы на меншай вышыні над роўнем мора, Арагонія зьяўляецца крышку цяплейшай краінай, і сьнег у ёй рэдка ляжыць скрозь па палёх і пашах, як у Кастыліі. Расьліннасьць тут такая самая, што й там, але дае больш карысьці для авечак, бо яны тутака могуць пасьвіцца ў працягу ўсяго году без перарыву. У даліне Эбро па штучна абваднёных палёх добра ўзрастае вінаграднік, садовіна і ўсялякае збожжа.

Гандлёвы асяродак краіны Сарагоса (141000 нас.), старасьвецкая сталіца сярэднявяковага Арагонскага каралеўства, і да цяперашняга часу захавала шмат старасьвецкіх прыгожых будынкаў, сьведак слаўнай мінуўшчыны гэтага гораду.

Усходнія ўскрайкі Пірэнэйскага паўвострава, што ляжаць на ўсход ад Арагонскай нізіны і Новай Кастыліі, каля берагоў Міжземнага мора, адзначаюцца ўжо тыповым падзваротнікавым кліматам (пералічы галоўныя асаблівасьці такога клімату) і заўсёды зялёнай міжземнаморскай расьліннасьцю. Схілы Каталёнскіх гор, якія цягнуцца роўналежна берагавой лініі, апрануты прыгожымі макісамі з ляўраў, міртаў, ляўравішняў, олеандраў і магноліяў. Праўда што й тут дажджоў не хапае, але тут затое шмат маленькіх рэчак, вадой якіх карыстаюцца ў мэтах штучнага абвадненьня палёў і садоў. Штучна-абваднёныя месцы ў гэтай краіне завуцца хуэртамі і адзначаюцца надзвычайнай ураджайнасьцю. Сетка абвадняльных каналаў пераразае кожную хуэрту ды разьмяркоўвае ваду па яе палёх і садох. З палёў хуэрты зьбіраюць прынамсі 2 разы ў год