ураджаі пшаніцы, кіяхоў ды іншага збожжа, а ў садох гадуюць алейнае дрэва, пэрсікі, памаранцавыя, гранатныя ды цытрынныя дрэвы, фісташкі, найлепшыя гатункі йгруш і морву, лісьцем якой жывіцца шаўкоўны вусень. Зразумела, што зямля ў хуэртах каштуе вельмі дорага. Належыць яна пераважна да буйных земляўласьнікаў, а сяляне звычайна толькі бяруць яе ў арэнду за вялікія грошы ды яшчэ плацяць вялікія падаткі. З гэтай прычыны, ня гледзячы на вялізныя ўраджаі ў багатых садох, сяляне жывуць бедна, а часамі й галадуюць. Галоўнае багацьце краіны - сады ды вінаградні, але, апроч таго, значную карысьць насельнікам узьбярэжжаў дае рыба, якой шмат ловяць у Міжземным моры. Нарэшце у Каталёнскіх горах ёсьць і падземнае багацьце - волава, серабро й жалеза. Важнае значэньне тут мае і фабрычная прамысловасьць. Гэтаму дапамагаюць выгоды гандлёвых зносін з Францыяй, Італіяй і Ўсходам, а таксама большая параўнаўча з кастыльцамі працавітасьць мясцовых насельнікаў-каталёнцаў. Толькі гэтую краіну й можна лічыць такой часткай Гішпаніі, у якой існуе буйная фабрычная прамысловасьць. Тысячы работнікаў працуюць на тутэйшых баваўняных, ваўняных і шоўкавых фабрыках, на папернях і шкляных гутах.
У зьвязку з гэтым тут утварыўся асяродак работніцкага руху ў Гішпаніі. Работнікі тутэйшых фабрык згуртаваліся ў дзьве вялікія профэсыянальныя організацыі, з якіх адна - Агульна-Работніцкі Саюз - імкнецца да супрацоўніцтва з буржуазіяй, а другая - Нацыянальная Работніцкая Конфэдэрацыя, - на чале якой стаялі анархістыя, усімі сродкамі змагаецца як з буржуазіяй, гэтак і з урадам. Гарачнасьць і палкасьць паўднёвага эўропэйца выяўляецца пры гэтым змаганьні ў тэрорыстычных актах, накірованых супроць асобных старшыняў фабрыканцкіх саюзаў. Буржуазія змагаецца з абедзьвюма організацыямі работнікаў, арыштоўвае іх членаў, забівае іх правадыроў і, каб утрымаць у паслухмянстве фабрычных працаўнікоў, звальняе ад працы сотні тысяч работнікаў, якія прымалі ўдзел у забастоўках.
Найбольш пашырана ўва Ўсходняй Гішпаніі баваўняная і шоўкавая прамысловасьць, сырыну для якой даюць плянтацыі баваўны і морвы на мясцовых хуэртах.
Асяродкам гэтай прамысловасьці і наагул найважнейшым прамысловым горадам Пірэнэйскага паўвострава зьяўляецца горад Барсэлёна (710.000 насельн.) з добрай морскай прыстаньню, у якой заўсёды таўпяцца францускія, ангельскія і італійскія караблі. Гэта і асяродак работніцкага руху ў Гішпаніі. Другая важная прыстань Валенсія (240.000 нас.), абкружаная прыгожымі багатымі хуэртамі, вывозіць віно, паўднёвыя плады і шоўк.
Да Ўсходняй Гішпаніі трэба далучыць яшчэ Балеарскія астравы, што ляжаць у Міжземным моры на ўсход ад Пірэнэйскага паўвострава і слынуць прыемным, цёплым морскім кліматам, хараством краявіду ды выдатнай красою насельнікаў.
Як у Арагоніі, гэтак і ўва Ўсходняй Гішпаніі жывуць каталёнцы, мова якіх болей падобна да мовы паўднёвых французаў, чымсь да мовы іншых пірэнэйцаў - португальцаў і гішпанцаў.