——— 40 ———
Пірэнэйскі паўвостраў.
(Адзнач па карце яго географічнае палажэньне, пералічы, якія моры яго абцякаюць).
Пірэнэйскі паўвостраў займае самы далёкі паўднёва-заходні куток Эўропы. Толькі вузкая Гібральтарская пратока аддзяляе яго ад Афрыкі, з якою ён мае шмат супольнага як у сваім абрысе, гэтак і ў выглядзе паверхні і ў клімаце. Гэта такі самы масыўны кавалак сухазем’я з роўнымі, мала зрэзанымі морам берагамі. Вялізныя плоскаўзвышшы займаюць большую сярэднюю частку паўвострава, а на поўначы і на поўдні расьцягнуліся зморшчавыя горныя ланцугі. Сярэдзінныя плоскаўзвышшы з усіх бакоў атачаюцца горставымі горамі (успомні пахаджэньне горстаў Паўночна-Заходняй Эўропы), а ад зморшчавых ланцугоў аддзяляюцца 2-ма нізінамі (Пераглядзі па карце назовы плоскаўзвышшаў, горстаў, нізін і зморшчавых ланцугоў Пірэнэйскага паўвострава). Абхопленыя з усіх бакоў горамі, плоскаўзвышшы і нізіны адзначаюцца сухім контынэнтавым кліматам, а схілы павернутыя ў бок мораў, маюць клімат больш-менш вільгатны. На паўночных схілах Кантабрыйска-Пірэнэйскіх гор дажджы выпадаюць як узімку, гэтак і ўлетку; у іншых месцах ападкі прыпадаюць выключна на зіму або на позьнюю восень і на пачатак вясны.
Горсты і іншыя горы выклікаюць утварэньне на рэках старонкі многіх парагоў, а летнія сухмені робяць гэтыя рэкі дужа плыткімі ў гэтую пару году. Такія рэкі (пералічы іх паводле карты) нявыгодны для руху параходаў. Толькі Гвадальквівір, што цячэ па роўнай Андалюскай нізіне ды жывіцца горнымі сьнягамі Гранадзкіх гор, зьяўляецца шчасьлівым выняткам.
Расьліннасьць, згодна з асаблівасьцямі клімату, на плоскаўзвышшах сухалюбная, стэпавая; на паўночных ускрайках, дзе шмат ападкаў, яна складаецца з дрэў з ападаючым лісьцем, а на ўсходніх заходніх і паўднёвых узьбярэжжах — вечназялёная.
З найболей цікавых жывёл трэба зьвярнуць увагу на маго, бясхвостую малпу, якая жыве на Гібральтарскай гары ля аднаназоўнай пратокі і на генэту, маленькага мясажэра, падобнага крышку да ката. Абедзьве гэтыя жывёлы часта сустракаюцца і ў Афрыцы, асабліва ў яе паўночна-заходняй частцы (на Атляскіх горах). Падобнасьць пірэнэйскай жывёльнасьці да афрыканскай тлумачыцца між іншым тым, што паміж гэтымі двума краямі праз доўгі час існавала сувязь, бо на месцы сучаснай Гібральтарскай пратокі быў пярэсмык, па якім жывёлы маглі перасяляцца з Афрыкі ў Эўропу і наадворот..
Сучасныя насельнікі Пірэнэйскага паўвострава належаць да 3-х асобных романскіх народаў: на захадзе жывуць португальцы, на ўсходзе — каталёнцы, пасярэдзіне — гішпанцы або кастыльцы.
Згодна з гэтым у сярэднія вякі на паўвостраве існавалі тры романскія дзяржавы: Португалія, Кастылія і Арагонія. Потым Кастылія з Арагоніяй злучыліся ў адно Гішпанскае каралеўства.
Апрача таго ў Заходніх Пірэнэях жыве некалькі сот тысяч баскаў. Яны лічацца патомкамі тубыльцаў паўвострава (ібэрыйцаў), якія захавалі ў чыстаце свае звычаі й мову.