Лежачы на мяжы Паўднёвай і Паўночна-Заходняй Эўропы, Альпы зьяўляюцца граніцай розных народаў, якія з даўных часоў біліся паміж сабой за панаваньне ў гэтай старонцы.
З пачатку гістарычных часоў на паўночных схілах Альп жылі кельты, на паўднёвых - лігуры, а на ўсходзе, апроч таго, - яшчэ рэты. У часы сусьветнай Латыньскай (Рымскай) дзяржавы ўсе тутэйшыя пляменьні падпалі пад уплыў латыньцаў, запазычылі ад іх культуру і мову. У часы вялікіх перасяленьняў сюды надышлі розныя гэрманскія пляменьні, з якіх алеманы асталяваліся на поўначы, бургунды - на захадзе, лянгабарды - на поўдні. З часам два апошнія народы зьліліся з тубыльцамі, латынізаваліся і ўвайшлі ў склад францускай (на захадзе) і італійскай (на поўдні) нацый. Наадварот, алеманы, на зямлі якіх латыньскія ўплывы былі слабейшымі, захавалі гэрманскую мову і ўвайшлі ў склад нямецкага народу. Як і заўсёды ў горных старонках, у Альпах захаваліся і рэшткі тубыльцаў. Гэта рэтороманцы або лядыны, патомкі латынізаваных рэтаў. Пасьля ўсіх на паўднёвым усходзе асталяваўся славянскі народ - славенцы.
З сучасных народаў Альпійскай старонкі італійцы (і рэтороманцы) пераважваюць на паўднёвых схілах, французы - на заходніх, немцы - на паўночных, славенцы - на крайнім паўднёвым усходзе. Згодна з гэтым паўднёвыя схілы належаць да Італійскага каралеўства, заходнія - да Францускай рэспублікі, на паўднёвым усходзе пачынаюцца ўладаньні Паўднёвай Славяншчыны, а на нямецкіх землях утварыліся 2 дзяржавы: Аўстрыя (на ўсходзе) і Швайцарыя, у склад якой уваходзяць часткай землі, залюдненыя і французамі, і італійцамі ( і рэтороманцамі).
Сярод заняткаў люднасьці пераважвае паўсюды сельская гаспадарка, асабліва гадоўля жывёлы, для якой па горных лугох хапае найлепшай сочнай спажывы. Добра стаіць тамака малочная гаспадарка, выраб сыраў, масла, згушчанага малака. У горах гадоўля жывёлы мае так званы альпійскі пастухоўскі характар. Узімку жывёлу трымаюць у хлявох па далінах; увясну гоняць угару і пасьвяць у пасе лясоў. Улетку, па меры таго, як растаюць сьнягі у вышэйшых пасох, гоняць жывёлу яшчэ вышэй - у горныя лугі, дзе кожная вёска даліны мае пуні ды хаты (так званыя шале) для сваіх пастухоў. Увосені статкі пакрысе спускаюцца на ніз, пакуль ня вернуцца ў даліны на вёскі. Земляробства магчыма толькі ў ніжэйшых пасох. Там сеюць кіяхі, пшаніцу, саджаюць вінаграднік, яблыні, ігрушы, а на поўдні, апроч таго, морву ды алейнае дрэва (апошняе толькі ў Рывьеры ды на берагох вазёр Комо і Гарда). Фабрычная прамысловасьць пачала красаваць толькі ў апошнія гады, дзякуючы карыстаньню сіл горных рэчак. Раней тут панавалі выключна саматужныя промыслы - выраб гадзіньнікаў, апрацоўка шоўку і г. д. Затое гандаль з даўных часоў мае вялікую значнасьць. Альпійскія праходы вельмі выгодны для зносін. З даўных часоў праз іх пралягаюць важныя гандлёвыя дарогі, а ў апошнія часы праз гэтыя праходы прабілі тунэлі ды праклалі чыгункі. Па прадоўжных далінах таксама