зьяўляецца найвышэйшым пунктам усяго Альпійскага ўкладу і ўсёй Эўропы, бо дасягае вышыні каля 5 вёрст (4810 мэтраў) над роўнем мора. Вялічэзныя палі зерналёду апранаюць гэтую вялізную гару, магутныя ледавікі спаўзаюць па яе схілах у суседнія даліны.
Трэці, самы заходні ланцуг Заходніх Альп складаецца ўжо з вапнавых пластоў і зьяўляецца значна ніжэйшым за два першыя.
Насельнікі Заходніх Альп пераважна італійцы, або (на захадзе) блізкія да іх паўднёвыя французы, займаюцца гадоўляй дробнай жывёлы, у далінах дзе-ні-дзе сеюць збожжа, але жывуць бедна, па ўбогіх, далёка раскіданых адна ад аднэй вёсках.
Выняткам зьяўляецца Рывьера, дзе люднасьць жыве густа, дзякуючы падзваротнікаваму клімату, займаецца вінаградніцтвам, садоўніцтвам і ральніцтвам. Тутака добра ўзрастаюць паўднёвыя пладовыя дрэвы, алейнае дрэва і морва. Сюды ў чароўна абстаўленыя здароўніцы-курорты зьяжджаюцца лячыцца хворыя на грудзі з усіх краёў сьвету; тутака шукаюць адпачынку і ўцех багатыры ўсёй Эўропы.
Асяродкам гэтага харошага куточка можа лічыцца Ніца (150 тыс. нас.) прыгожы горад раскошы, кветак і шыкоўных готэляў для багатых падарожнікаў. Яснае неба, цёплае паветра і вечная зеляніна дрэў асабліва вабяць сюды насельнікаў туманнай Паўночнай Эўропы і ў тым ліку хворых на сухоты, якія лечацца ў ваколічных здароўніцах.