Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/43

Гэта старонка была вычытаная

тужным вырабам гадзіньнікаў. Насельнікі краіны гавораць пераважна пафранцуску, і толькі на паўночна-ўсходніх прыгор’ях — панямецку.

Заходняя частка краіны належыць да Францускай дзяржавы; усходнія часткі ляжаць у межах Швайцарыі і складаюцца з некалькіх самаўрадных акруг — так званых кантонаў.

У залюдненай немцамі частцы на Рэне ляжыць важны гандлёвы горад Базэль (пафранцуску Баль, 140 тыс. насельн.), у якім крыжуюцца сухаземныя дарогі з Вугоршчыны ўва Францыю і з Італіі ў Заходнюю Нямеччыну праз Альпы. Адгэтуль пачынаецца параходны рух па Рэне. Базэль зьяўляецца самаўрадным швайцарскім кантонам.

Швайцарскія Альпы цягнуцца з захаду на ўсход і складаюцца з двох роўналежных ланцугоў. Абодва гэтыя ланцугі складаюцца пераважна з крышталічных скал і аддзяляюцца адзін да аднаго прадоўжнай далінай, па якой на захад цячэ Рона, а на ўсход — вышні Рэн.

Паўднёвы ланцуг зьяўляецца працягам усходняга ланцуга Заходніх Альп, але дасягае большай вышыні, бо найвышэйшыя вярхі яго — Монтэ Роза (4640 м н. р. м.) і стромкі недаступны Матэргорн (4505 м.) — па сваёй вышыні спушчаюць толькі Монбляну. Найніжэйшы праход у гэтым ланцугу — Сымплёнскі (2010 м н. р. м.) — перарэзаны тунэлем, па якім праходзіць чыгунка з даліны Роны ў бок возера Маджорэ. Гэты тунэль цягнецца на 19 вёрст і лічыцца найдаўжэйшым на ўсім сьвеце. На ўсход адгэтуль праз Сэн-Готардзкае зьніжэньне пракопаны яшчэ болей вядомы чыгункавы тунэль (з даліны Рэйсу ў даліну Тычыно).

Паўночны ланцуг Швайцарскіх Альп мусіць лічыцца за працяг сярэдняга ланцуга Заходніх Альп і пачынаецца блізка Леманскага возера пад назовам Бернскіх Альп. Хараство краявіду прынаджвае сюды асабліва многа падарожнікаў. Вострыя, апранутыя белымі сьнягамі вярхі па-над хмарамі, магутныя ледавікі, прыгожыя горныя лугі ды цёмныя лясы горных схілаў складаюць запраўды цікавае дзіва і могуць лічыцца лепшай аздобай Швайцарыі. На самыя прыгожыя з Бэрнскіх гор пракладзены асаблівыя чыгункі з зубкаватымі рэйкамі (напрыклад, на слынную прыгожую гару Юнгфрау (4197 м.). З аднэй гары (Вэтэргорн 3708 м.) спаўзае самы доўгі ледавік Эўропы, так званы Алечглетчэр (24 клм. удоўжкі), што дае ваду пачаткам Роны. Працяг Бэрнскіх Альп пад назовам Фірвальдштэцкіх упіраецца ў аднаназоўнае возера. Каля гэтага возера ляжаць тыя землі, якія могуць лічыцца калыскай Швайцарскай дзяржаўнасьці.

Насельнікі гэтай ваколіцы першыя паднялі штандар паўстаньня супроць уціску нямецкай улады і паноў і абвясьцілі незалежную Швайцарскую рэспубліку, у склад якой спачатку ўвайшлі толькі 4 кантоны, з часам далучылася яшчэ некалькі сялянскіх суполак і вольных мест і, нарэшце, усе землі краіны Швайцарскіх Альп, Швайцарскага ўзгор’я ды частка Юры. Швайцарская рэспубліка (41300 кв. клм., 3900 тыс. нас.) лічыцца фэдэрацыйнай і складаецца з асобных маленькіх рэспублік — кантонаў. Кожны кантон мае свае законы, свой урад і свае парадкі. Толькі вайско-