трымаюць у далінах па вёсках у хлявох. Сыр, масла, згушчанае малако і чакаляда - галоўныя продукты вывазу з краіны. Важны даход насельнікам даюць чужаземныя падарожнікі, што зьяжджаюцца сюды любавацца прыгожай прыродай. Зато швайцарцы налягаюць, каб даць гэтым падарожнікам як мага болей выгод. Па усіх найболей цікавых мясцовасьцях пабудованы найлепшыя готэлі; усюды, дзе было магчыма, праложаны найлепшыя дарогі; на вярхі гор шмат дзе вядуць чыгункі з зубкаватымі рэйкамі. Ня гледзячы на цяжкія прыродныя перашкоды, швайцарская чыгункавая сець належыць да гусьцейшых у Эўропе. Тунэлі і масты швайцарскіх чыгунак могуць лічыцца дзіўнымі па цяжкасьці іх пракладаньня і чароўнымі па сваёй красе.
Малая колькасьць добрай зямлі прымушае швайцарцаў сяліцца хутарамі або фольваркамі каля тых кавалачкаў удобнай зямлі, якія раскіданы далёка адзін ад аднаго па далінах і пакатах гор. Толькі на поўдні сярод швайцарскіх італійцаў трапляюцца значныя вёскі. Гарадоў, больш-меньш выдатных, зусім няма, бо сельская гаспадарка рашуча пераважвае ў краіне.
Інтэрлякэн, у які зьязжджаюцца падарожнікі, што жадаюць узьбірацца на Юнгфраў, зьяўляецца маленькім мястэчкам. Поўны чужаземцаў гандлёвы горад Люцэрн (44000 н.) ляжыць каля выйсьця р. Рэйсу з Фірвальдштэцкага возера ўжо на мяжы краіны. (Гл. мал. 31).
Швайцарскае ўзгор'е ляжыць між Юрой і Швайцарскімі Альпамі. Яно выцягнута з паўднёвага захаду на паўночны ўсход ад Леманскага да Бодэнскага вазёр. У ледавіковую эпоху магутныя альпійскія ледавікі, спаўзаючы з паўночных схілаў Альп, патроху пакрылі грубым пластом усю гэную краіну, падняліся на Юру і нават перакінуліся праз яе. З та-