Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/49

Гэта старонка была вычытаная

поўнач; зморшчы Ўсходніх Альп павернуты сваімі выгінамі на поўнач і на поўдзень адначасна, - значыцца маюць болей сымэтрычную будову; Паўднёва-Ўсходнія Альпы, як і Дынарскія горы, накіраваны выгінамі сваіх зморшчаў на паўднёвы захад у бок Адрыятычнага мора.

У склад Усходніх Альп уваходзіць некалькі прадоўжных ланцугоў, аддзеленых адзін ад аднаго прадоўжнымі далінамі. Паўночны з гэтых ланцугоў складаецца пераважна з вапнавых, а таксама і іншых пластовых земных парод і цягнецца ад Бодэнскага возера на захад аж да Вены і Дунаю. Там, дзе гэтыя горы складаюцца з пескавікоў, лупнякоў аб зьлепнякоў, там яны адзначаюцца адхоннымі схіламі, мяккімі абрысамі, зялёнымі лугамі і сенажацямі, па якіх пасьвіцца найлепшае малочнае быдла (Альгэйскія Альпы). Наадварот, там, дзе пераважваюць вапнякі, расьліннасьць убогая, схілы голыя, стромкія і хмурыя. (Значныя часткі Баварска-Тырольскіх Альп). У трох месцах праз паўночны ланцуг прабіваюцца ў вузкіх далінах бурныя Альпійскія рэкі (Ін, Зальцах, Энс). Яны ў сваёй вышнявіне цякуць па шырокай прадоўжнай даліне, на поўдзень ад якой узвышаюцца высокія горы сярэдняга ланцуга. Сярэдні ланцуг складаецца з гранітаў, гнэйсаў і іншых крышталічных цьвёрдых скал і цягнецца ад паўднёва-альпійскіх вазёр (Маджорэ, Комо і інш.) спачатку на паўночны ўсход, а пасьля проста на Захад роўналежна паўночнаму. Клімат тут, як і паўсюды ў Альпах, вільгатны, а з гэтай прычыны вярхі гор заўсёды ўвінуты хмарамі, з якіх улетку льлецца дождж, а ўзімку падае сьнег. Найвышэшыя вярхі ланцуга: Ортлер (3900 м. н. р. м.), Грос Глёкнэр (3798 м.) і іншыя апрануты вечнымі сьнягамі, з якіх пачынаюцца магутная ледавіковыя струмені. Па схілах ніжэй сьнегавой мяжы растуць прыгожыя сочныя лугі, а яшчэ ніжэй - густыя лясныя пушчы. Праходы праз сярэдні ланцуг, напрыклад, Брэнэр між Эцтальскімі Альпамі і Высокім Таўэрнам (1370 м.) ляжаць нявысока і выгодны для зносін.

Прадоўжная даліна, па якой працякае рака Драва, аддзяляе сярэдні ланцуг ад так званых Паўднёва-Ўсходніх Альп, якія складаюцца пераважна з вапнякоў, лёгка прапускаючых ваду. Горы там маюць выгляд дзіўных веж, зубцоў, слупоў і г. д. і звычайна пазбаўлены лесу і сочных лугоў. Толькі там, дзе вапнякі замяняюцца лупнякамі і марглямі, зелянеюць лугі і сустракаюцца гаі.

Усходнія Альпы адразьняюцца ад Заходніх і Швайцарскіх між іншым сваім багацьцем на розныя карысныя мінэралы. У Паўночна-Ўсходніх Вапнавых Альпах трапляецца соль, месцам жалезная руда і вугаль; сярэдні ланцуг зьмяшчае яшчэ болей жалеза, а апроч таго крыху золата і серабра; у Паўднёва-Ўсходніх Альпах знаходзяць волава і жывое серабро.

Праўда, здабываньне солі ў апошнія часы зьменшылася, а дарагіх мэталаў цяпер і зусім не здабываюць, але жалезнай руды знаходзяць вельмі многа, так што краіну можна лічыць прамысловай. Жалезная руда