Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/51

Гэта старонка была вычытаная

ныя прасторы Сярэдняй Эўропы. Да гэтай дзяржавы былі далучаны Чэхія, Славенскія землі і рознастайныя краіны з польскім, украінскім, румынскім і сэрбскім насяленьнем. Злучыўшыся з Вугоршынай, якая ляжыць у Сярэдня-Дунайскай нізіне, Аўстрыя набыла назоў Аўстра-Вугоршчыны і зрабілася вялікай дзяржавай, ядром якой былі нямецкія землі ўва Ўсходніх Альпах. Сувязь краін, якія ўваходзілі ў склад Аўстра-Вугоршчыны і мелі паміж сабой вельмі мала супольнага, заўсёды была штучнай і лёгка парвалася ў час вялікай вайны 1914-18 гадоў. Ад вялікай Аўстра-Вугоршчыны засталіся пад кіраўніцтвам Аўстрыі толькі нямецкія землі ўва Ўсходніх Альпах ды й то частка іх у сярэднім ланцугу адышла да Італійскага каралеўства.

У сучасны момант так званая Нямецка-Аўстрыйская рэспубліка ўладае паўночным ланцугом і часткай сярэдняга ланцуга (84000 кв. клм., 6450 тыс. насельн.); паўднёвая частка краіны належыць да Італіі; паўднёва-ўсходнія ўскрайкі - да Паўднёва-Славянскай дзяржавы; паўночны край - да Нямеччыны.

На мяжы Нямецкай Аўстрыі і Швайцарыі каля Рэну захавалася маленькая карлавая дзяржава Ліхтэнштэйн з 8000 насельнікаў. Пасьля разбурэньня Аўстра-Вугоршчыны Ліхтэнштэйн пачаў перагаворы з Швайцарскім урадам наконт злучэньня ў адну дзяржаву.

Нямецкая Аўстрыя абымае найбагацейшыя часткі краіны. у якіх высока стаяць гандаль і прамысловасьць. Пасьля вайны аднак гэтая частка вельмі зьбяднела.

Пасьля вайны Нямецкая Аўстрыя згодна мірнай умове ў Сэн-Жэрмэне (ува Францыі) мусіла ўзяць на сябе абавязак заплаціць Антанце за ўсю тую шкоду, якую ў час вайны зрабіла Аўстра-Вугоршчына дзяржавам Антанты. Але з тэй прычыны, што маленькая Аўстрыя зрабіць гэтага не магла, уся яе продукцыя і фінансы былі пастаўлены пад нагляд асаблівай Міжнароднай Рэпарацыйнай Комісіі. Фактычна Аўстрыя зрабілася колёніяй дзяржаў Антанты. Працоўны люд Аўстрыі апынуўся ў вельмі цяжкім становішчы. Каб трохі палепшыць гэтае становішча, работнікі шчыльней гуртуюцца ў профсаюзы. У 1918 г. тут было 295 тысяч членаў профсаюзаў, а ў 1921 - ужо 1000000. Побач з узрастаньнем профэсыянальных організацый узмацняюцца і політычныя партыі работнікаў. Побач з узрастаньнем профэсыянальных організацый узмацняюцца і політычныя партыі работнікаў. Пашырэньню комуністычнага руху спрыяў між іншым зварот пасьля вайны палонных аўстрыйцаў, асабліва тых, якія былі ў Расіі. Пакуль-што большасьць фабрычных работнікаў знаходзіцца яшчэ ў шэрагах соц.-дэм. партыі, а сялянствам кіруе партыя так званых хрысьцянскіх соцыялістых. Аднак уплыў комуністых на працоўны люд павялічваецца.

У межах Нямецкай Аўстрыі знаходзіцца сталіца былай Аўстра-Вугоршчыны, адзін з найвялікшых гарадоў Эўропы (4-ты паводле велічыні) Вена (1842 тыс. насельнікаў). Горад гэты ляжыць на Дунаі ля самых усходніх адгор'яў Альп у асяродку так званай Венскай нізіны.