Толькі сухія кусткі ды ўбогая рэдкая травіца могуць расьці на вапнякох Дынарскіх гор.
На паўночным усходзе Дынарскага ўкладу, у так званых Босьнійскіх Рудных горах, з-пад вапнякоў высоўваюцца крышталічныя лупнякі. Там горы маюць болей адхонныя схілы, рэкі спатыкаюцца часьцей і маюць болей адхонныя берагі. Там і расьліннасьць багацейшая - на схілах гор растуць густыя дубовыя ды букавыя лясы.
Яшчэ далей на поўнач і ўсход, па-за рэкамі Савай і Дрынай[1], пакрысе зьнікаюць зморшчавыя горы Дынарскага ўкладу і замяняюцца старавечнымі горстамі, складзенымі з гранітаў ды гнэйсаў і пакрытымі багатай лясной расьліннасьцю.
Горы з мяккімі абрысамі, адхоннымі схіламі і акругленымі вярхамі чаргуюцца тамака з ураджайнымі нізінамі, пакрытымі лёэсам. Між Савай і Дравай ляжыць асабліва вялікая багатая нізіна, над якой дзе-ні-дзе ўздымаюцца асобныя вапняковыя або лупняковыя ўзгоркі. Ува ўсходняй Сэрбіі найлепшымі куточкамі зьяўляюцца даліны рэк Маравы і вышняга Вардару, пакрытыя тлустай чорназемнай глебай.
Мы ўжо ведаем, што на Балканскім паўвостраве клімат можа лічыцца падзваротнікавым толькі па ўзьбярэжжах. Такім падзваротнікавым кліматам адзначаецца і сэрбскае ўзьбярэжжа Адрыятычнага мора. Дынарскія горы засланяюць гэтае ўзьбярэжжа ад халодных паўночных вятроў, так што там зіма цёплая і вільгатная. Аднак і там часта з Дынарскіх гор дзьмуць халодныя паўночна-ўсходнія вятры, вядомыя пад назовам "бора". Ападкаў на ўзьбярэжжы выпадае вельмі многа (каля букты Катаро выліваецца каля 4360 мілімэтраў дажджу што-год). Дзякуючы цёплай зіме ды вялікай колькасьці ападкаў, там могуць расьці, абы толькі была глеба, вечназялёныя макісы і гайкі алейных дрэў.
Сярэдняя тэмпэратура студзеня ў мястэчку Дуброўніку (Рагузе) +8,8°, сярэдняя ліпеня +25,5°.
На ўсход ад узьбярэжжа клімат сушэйшы і халаднейшы. Лета, праўда, бязмаль такое-ж гарачае, але зіма марозная.
Нават ужо ў месьце Цэтынье, якое ляжыць блізка ад мора, але акружана гарамі, сярэдняя тэмпэратура студзеня - 1,4°, а ліпеня +22,6°.
Дрэвы ў сярэдзіне Сэрбіі мусяць скідаць сваё лісьце ўзімку, вечна-зялёных расьлін там ужо няма. Ападкаў там выліваецца значна меней, але расьліннасьць залежыць ня столькі ад колькасьці ападкаў, колькі ад грунтоў. Дзе паверхня складзена з вапнякоў, там вада ўходзіць пад зямлю, а на паверхні вады не хапае, і расьліннасьць там кепская. Наадварот - там, дзе грунт лупняковы або камяністы, вада трымаецца ў глебе, а расьліннасьць складаецца з прыгожых густых лясоў. На паўночным усходзе па чорназемнай глебе на лёэсе трапляецца нават стэп.
- ↑ Адшукай іх на карце. Асьцерагайся, каб не пераблытаць Дрыну і Дрын. Куды цячэ Дрына? Куды Дрын?