Насельнікі Сэрбскай краіны - сэрба-харваты або проста сэрбы - належаць да паўднёвых славян і, як тыповыя славяне, адзначаюцца беспасрэднасьцю, прыветлівасьцю, простасьцю і гасьціннасьцю. Большасьць іх жыве пастарасьвецку, пераважна па вёсках вялікімі сем'ямі, часта па некалькі дзесяткаў чалавек у кожнай сям'і.
Звычайна сэрбаў дзеляць на ўласна-сэрбаў і харватаў, але паміж імі амаль-што ніякай розьніцы няма, апрача таго, што харваты - каталікі і пішуць латыньскімі літарамі, а ўласна-сэрбы - праваслаўныя і карыстаюцца кірыліцай. Адзіная агульная мова (якая між іншым мае шмат супольнага з беларускай) і агульная літаратура злучае харватаў і сэрбаў у адзін народ. Апрача праваслаўных і каталікоў ёсьць яшчэ сэрбы-магомэтане.
Калісь паміж сэрбамі розных вер адбываліся ўпартыя рэлігійныя змаганьні, але цяпер гэтыя змаганьні можна лічыць аканчальна зьнікшымі ў зьвязку з агульным павялічэньнем абыякіх адносін да рэлігіі. Зразумела, што сярод запісаных праваслаўнымі або магомэтанамі ці каталікамі шмат атэістых, якія ня трымаюцца аніякай рэлігіі.
Сэрбы стаяць яшчэ нізка паводле сваёй культуры. Большасьць іх ня ўмее пісаць і чытаць, мала хто з іх атрымоўвае сярэднюю і вышэйшую асьвету. Аднак у іх ёсьць 2 унівэрсытэты (у Заграбе і ў Белградзе), каля якіх гуртуюцца лепшыя навуковыя сілы.
Апрача сэрбаў на ўзьбярэжжах і астравох Адрыятычнага мора жыве некалькі тысяч італійцаў ды й то пераважна ў гарадох.