нідзе ў Эўропе не дае гэтак многа пладоў, як тут. На поўдзень ад Сэрбскай Маравы горсты робяцца вышэйшымі, маюць выгляд значных гор, пакрытых густым цёмным лубовым лесам. Там сярод заняткаў люднасьці большую вагу набывае гадоўля дробнай жывёлы, асабліва сьвіней, якіх жывяць дубовымі жалудамі.
Як у тыповай сельска-гаспадарчай старонцы, у Сэрбіі мала гарадоў. Галоўная морская прыстань - Рэка (Фіумэ 50000 насельн.). Гэты горад ляжыць на крайнім захадзе на беразе затокі Кварнэро. Тут будуюць караблі, вырабляюць вяроўкі і паперу.
Рэка ляжыць у межах Харваціі, якая да вайны належала да Вугоршчыны, але карысталася самаўрадам. Аднак Рэка лічылася ў беспасрэдным валаданьні Вугоршчын і не залежала ад харвацкага сойму, як горад, патрэбны для ўсёй Вугорскай дзяржавы, тавары якой праз яго вывозіліся на сусьветны рынак. Горад залюднены напалову італійцамі і з гэтай прычыны пасьля вайны выклікаў вядомыя спрэчкі між італійцамі і сэрбамі. Потым ён быў зроблены вольным местам, асобнай незалежнай рэспублікай, якая знаходзіцца пад уплывам Італіі.
На паўднёвы ўсход ад Рэкі на беразе Адрыятычнага мора ляжаць прыстані: Задар (Зада, 40 т. нас.), Дуброўнік (Рагуза), які ў канцы XVIII веку быў незалежнай рэспублікай, і Катаро, лежачы каля аднэй з найлепшых бухтаў (Бока-ды-Катаро).
Прыблізна ў самым асяродку Сэрбіі, у прыгор'ях Босьнійскіх Рудных гор, ляжыць Сараева (50 тыс. нас.) з значнай жалезнай і скураной прамысловасьцю і вырабам прыгожых дываноў. Асяродкам Харваціі зьяўляецца Загрэб (павугорску Аграм, 80000 нас.), ціхі, прыгожы горад з харвацкім унівэрсытэтам. Прамысловасьць гэтага гораду абмяжоўваецца апрацоўкай мясцовага шоўку.
Але самы вялікі горад і сталіца Сэрбіі Белград (120 тыс. нас.) ляжыць ля сутокі Савы і Дунаю на крайнім паўночным усходзе краіны. Лежачы на галоўнай чыгунцы, якая злучае Балканскі паўвостраў з рэштай Эўропы, Белград мае вялікую гандлёвую значнасьць. Каля белградзкага ўнівэрсытэту гуртуюцца лепшыя навуковыя сілы сэрбскага народу.
Альбанія ляжыць на поўдзень ад Сэрбіі ўдоўж тэй часткі Адрыятычнага берагу, якая цягнецца проста з поўначы на поўдзень ад вусьцяў Дрыну да Отранцкай пратокі. У адзнаку ад Заходняй Сэрбіі, дзе сухаземныя даліны і горныя ланцугі часткай зьнізіліся ніжэй роўня мора і перавярнуліся на пратокі ды астравы, у Альбаніі наадварот, - мора павольна, ледзь прыметна ў працягу вякоў адступае на захад, так што частка яго ператварылася ў вузкую нізінную йстужку ўзьбярэжжа. Гэтае ўзьбярэжжа, плоскае й балотнае, ведама шкодным для здароўя кліматам і небясьпечнымі трасцамі, ад якіх што-год памірае много людзей. Ад мора нізіннае ўзьбярэжжа аддзелена выдмамі.