ла аж да сярэдзіны XV веку, калі і ўвесь Балканскі паўвостраў падпаў пад панаваньне туркаў. Пад турэцкім заборам заняпала грэцкая культура, але грэкі яшчэ помнілі сваю слаўную мінуўшчыну і імкнуліся да самастойнасьці. У канцы XVIII в. і з пачатку XIX, калі аслабла магутнасьць Турэччыны, грэкі многа разоў паўставалі супроць туркаў, і нарэшце ў 1829 годзе Грэцкая дзяржава аднавілася ў стане самастойнага констытуцыйнага каралеўства. Пакрысе да гэтай дзяржавы далучаюцца ўсе землі, залюдненыя грэкамі. Грэцыя ўжо пасьпела захапіць некаторыя землі з балгарскім насяленьнем (Паўднёвую Македонію).
Цяпер Грэцыя абымае прастору прыблізна ў 125000 кв. клм. з 5 мільёнамі насельнікаў. Грэцыя лічыцца констытуцыйнай монархіяй прычым законадаўчая ўлада належыць да парлямэнту. Галоўную ролю ў парлямэнце граюць заможныя клясы мясцовай люднасьці. Работніцкая комуністычная партыя ў парлямэнце ня мае сваіх прадстаўнікоў. Затое ком. партыя карыстаецца прыхільнасьцю нямногалічнага работніцкага насельніцтва краіны. Пад кіраўніцтвам яе працуюць і грэцкія профсаюзы, у склад якіх уваходзіць каля 100000 работнікаў. У апошнія гады профсаюзы дзейна змагаліся за павялічэньне заработнай платы, але забастоўкі работнікаў душыліся ўрадам.
Сучасныя насельнікі Грэцыі, гэтак званыя нова-грэкі, утварыліся з тубыльцаў краіны — даўных грэкаў і значнай прымешкі пазьнейшых перасяленцаў: славянаў, альбанцаў, туркаў і куцавалахаў. Патомкі гэтых перасяленцаў жывуць і да сяго часу побач з грэкамі. Так, у Тэсаліі жыве досыць многа туркаў, а ў Эпіры ды ў Сярэдняй Грэцыі гадуюць свае статкі альбанцы і куцавалахі. Аднак паўсюды рашуча пераважваюць грэкі.
Як і ўсе паўднёва-эўропэйскія народы, грэкі гаманлівы і рухавы народ. Блізкасьць мора зрабіла іх спрытнымі мораходцамі і практычнымі гандлярамі. Зваротлівыя, самапэўныя і азардоўныя, грэкі вельмі любяць спрачацца наконт політыкі, любяць грамадзянскае жыцьцё, з ахвотай марнуюць час у кавярнях за гутаркай з сярбамі або слухаючы казкі баечнікаў. Ад італійцаў і гішпанцаў грэкі адразьняюцца болей сталымі поглядамі на жыцьцё, адсутнасьцю бязрупатнасьці і нядбаласьці. Грэк заўсёды асьцерагаецца ашуканства, баіцца страціць паважнасьць, заўсёды асьцерагаецца ашуканства, баіцца страціць паважнасьць, заўсёды заклапочаны рознымі справамі, задуманы нават у час сядзеньня ў кавярні. Шматвяковае панаваньне малакультурных чужынцаў адбілася цяжка на дабрабыце грэкаў. Цяпер Грэцыя далёка не такая багатая і не такая культурная краіна як у даўныя вякі. Прышлі ў заняпад і асьвета, і мастацтва, і навука. Чужаземнае панаваньне адбілася і на мове, у якую ўвайшло шмат чужаземных слоў, асабліва славянскіх і турэцкіх, і на норавах ды звычаях. Аднак, дзякуючы апецы грэцкіх пісьменьнікаў і вучоных, у апошнія часы сучасная грэцкая мова патроху вызваляецца ад барбарызмаў. Становішча асьветы таксама цяпер ужо лепшае, як у часы турэцкага панаваньня. Ужо цяпер процант няпісьменных у Грэцыі меншы, як у Гішпаніі або Італіі. У унівэрсытэце навучаньне адбываецца безаплатна.