Старонка:Географія Эўропы Паўднёвая Эўропа.PDF/79

Гэта старонка была вычытаная

——— 116 ———

Па ўсёй Грэцыі чалавек пільнуецца ўзьбярэжжаў, якія звычайна зьяўляюцца найболей ураджайнымі куточкамі краіны. Толькі тут, каля мора, сустракаюцца гожыя для земляробства нізіны, па якіх грэкі саджаюць вінаграднік, паўднёвыя плады і сеюць збожжа ды табаку. Вінаграднік — галоўнае багацьце Грэцыі. З яго вырабляюць віно, якое зьяўляецца галоўным народным піцьцём, а часткай і вывозіцца за межы; з яго гатуюць разынкі, у тым ліку дробныя разынкі (корынку), якія вырабляюцца толькі ў Грэцыі. Вывозіцца з Грэцыі, апрача таго, прованскі алей і плады алейнага дрэва, якое добра ўзрастае па ўзьбярэжжах, фігі, памаранцы, цытрыны, добрыя гатункі табакі. Наадварот, свайго збожжа грэкам не хапае, бо яго за недахватам зямлі сеюць мала. Каля мора грэк знаходзіць іншыя спосабы пражывіцца: у моры ловяць рыбу, а галоўным чынам зьбіраюць губкі; мора зьяўляецца галоўнай дарогай паміж асобнымі часткамі Грэцыі; па моры адбываецца гандаль, які дае заработкі тысячам людзей.

Мал. 42. — Атэны. Пасярэдзіне на ўзгорку Акрополь


Мал. 42. — Атэны. Пасярэдзіне на ўзгорку Акрополь

.

У горах, далёка ад мора, люднасьць жыве рэдка. Убогая паша ледзь дазваляе там пражывіць статкі дробнай жывёлы, гадоўля якой там і зьяўляецца галоўным заняткам. Значная частка горных схілаў належыць да няўжыткаў і не дае ніякай карысьці. Нетракапальныя промыслы ў апошнія часы пачалі пашырацца, але руда вывозіцца за межы ў неапрацованым стане, і фабрычная прамысловасьць не разьвілася.