Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/25

Гэта старонка была вычытаная

разьляцелася ў пыл, і немагчыма было выбраць кавалак шкла, прыгодны для дасьледзін. Але паперы мы дасталі і, разгледзеўшы іх, даведаліся, што яны маюць надта вялікую каштоўнасьць; мы адлажылі іх з тым, каб аддаць брытанскаму консулу, калі дойдзем да рэчкі Плэд. Я пражыў на моры трыццаць пяць год. Быў тут і хлапчуком і мужчынай, але гэта — самае дзіўнае, што калі-небудзь было са мною, і так гаворыць кожны чалавек на караблі. Тлумачэньне ўсяго гэтага хай робяць галовы разумнейшыя, чым мая“.

Вось усё пра паходжаньне ліста Сайрэс дэ-Хэдлея, які мы цяпер падаем так, як ён напісаны:

„Каму я пішу? Што-ж, я думаю, што я магу сказаць усяму шырокаму сьвету, але таму, што гэта вельмі няпэўны адрас, я буду разумець майго сябра, сэра Джэмса Тальбота, з Оксфордзкага ўнівэрсытэту, з тае прычыны, што мой апошні ліст быў напісаны яму, і гэта можна лічыць працягам. Я думаю, што тут адзін шанс са ста за тое, што гэтая куля, нават калі яна і трапіць на сьвет і не праглыне яе акула, будзе плаваць па хвалях і трапіць калі-небудзь на вочы падарожнаму мараку. Але ўсё-ткі варта паспрабаваць, і Маракот таксама пасылае наверх другую кулю. Значыць, можа здарыцца, што хто-небудзь з нас і раскажа сьвету нашу дзіўную гісторыю. Зразумела, ці паверыць гэтай гісторыі сьвет — гэта другое пытаньне, але калі людзі ўбачаць кулю са шкляной абалонкай і зьвернуць увагу