Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/45

Гэта старонка была вычытаная

крайнае бяздоньне. Прайшло, мабыць, целых пяць мінут, а яны здаліся гадзінай, перш чым мы дасяглі мяжы нашага тэлеграфнага дроту і парвалі яго як нітку. Наша труба, цераз якую мы дыхалі, парвалася бадай адначасна, і салоная вада пырснула ў клетку. Біль Сканлан шпарка і трапна абвязаў вяроўкамі кожную гумалясткавую трубу і такім чынам спыніў ваду. Адначасна доктар выпусьціў з балёну сьціснутае паветра. Сьвет стух, калі дрот абарваўся, але нават у цемры доктар здолеў злучыць сухія элемэнты Гелезена, і яны запалілі некалькі лямпак у столі.

— Яны павінны нам служыць тыдзень, — сказаў ён горка. — У нас у кожным разе будзе сьвет, каб паміраць. — Потым ён сумна пакруціў галавою, і на яго змардаваным твары зьявіўся ласкавы сьмех. — Для мяне гэта ня страшна. Я — стары і зрабіў сваю работу ў сьвеце. Адзінае, чаго я шкадую, гэта, што я дазволіў вам, двум маладым людзям, паехаць са мною. Я павінен быў рызыкаваць адзін.

Я толькі паціскаў яму супакойліва руку, бо сапраўды нічога ня мог тут сказаць. Біль Сканлан таксама маўчаў. Мы паволі апускаліся. Здавалася, што рыбы ляцяць уверх, а мы стаймо на месцы. Мы ўсё яшчэ хісталіся і, наколькі я сабе ўяўляў, маглі зваліцца на бок. Мы нават маглі перакуліцца і дагары нагамі. Але на шчасьце наш цяжар быў вельмі роўнамерна разьмешчаны і мы падалі проста. Глянуўшы на вымяральнік глыбінь, я ўбачаў, што мы ўжо дасяглі глыбіні мілі.