Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/59

Гэта старонка была вычытаная

магла прасачыцца цераз вопратку. Мы дыхалі зусім лёгка, і мне было весела бачыць, як Маракот пазіраў на мяне з-за гэтай абалонкі, бліскаючы вачыма, як раней з-за акуляр, а задаволенасьць Біля Сканлана супакоіла мяне.

Наш збаўца пазіраў са здаволеньнем то на аднаго, то на другога з нас, і потым паказаў, што трэба ісьці за ім цераз люк на дно акіяну. Тузін рук кінуліся да нас, каб падтрымаць нас у грузкай твані.

Цяпер я не магу ня дзівіцца гэтаму цуду. Мы стаялі ўсе трое, зусім цэлыя і добра сябе адчувалі на дне пяцімільнай воднай багны. Дзе быў гэты страшэнны ціск, што выабражала такое мноства вучаных? На нас ён уплываў ня болей, як на прыгожых рыбак, што віліся вакол нас. Праўда, як гэта здавалася нашаму целу, мы былі абаронены гэтымі тонкімі шклянымі кулямі, якія сапраўды былі куды мацней ад самай моцнай сталі. Нават нашыя члены, незакрытыя куляй, адчувалі ня больш, чым моцны ціск вады, на які з часам прызвычаіліся не зварачаць увагі. Было так дзіўна стаяць усім разам і пазіраць назад на абалонку, з якой мы вышлі. Электрычных батарэй мы не патушылі, і клетка наша здавалася такой дзіўнай з яе праменьнямі жоўтага сьвятла.

Старшы ўзяў Маракота за руку, і мы са Сканланам пайшлі за ім, ледзь перасоўваючы ногі ў твані.