Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/12

Гэта старонка не была вычытаная

— Наце, шукайце. Далібог-жа нічога няма. Далібог не схаваў нічагутка…

Эге! Выбачай, не паддурыш. А вунь пад ахутаны сьнегам кусьцік яленцу гэта якія пабеглі сьлядочкі? А вунь там, пад сіняй разложыстай хвояй, хто натаптаў так багата? Не, брат, пастой!

І ажывае нутро застыглага лесу. І мятусяцца ў напружаным воку здані гарэзьлівых зайчыкаў, спрытных лісіц. І вуха напятае ловіць нячутныя шолахі, ловіць празрыстую музыку мёрзлага лесу.

Што гэта? Праўда, ці не? Ці гэта толькі здаецца, ці й сапраўды жыве гэты лес, жыве настарожаным ціхім жыцьцём, застыглым у нейкім маўклівым чаканьні?

Ага! Вунь-вунь, там…

З-пад зялёненькай елачкі выскачыў зайчык. Прыстоіў, замёр, — толькі вушкі так сьмешна, так прытка рухаюцца.

Які ён прыгожы, гэты зайчонак! Колькі ў ім зграбнасьці сьвежай, крамянай!

Колькі ў ім дзікага вольнага спрыту!

Колькі жыцьця!..

А сэрца ўжо тукае прагна, настойна.

А рукі трасуцца, стрэльбу сьціскаюць.

Але усё гэта проста да рэчы. А справа ня ў тым.