А вось іх думкі аднаго аб адным.
Яроцкі аб Горскім:
— Пэўна, комуністы. Ня дурны, відаць па ачох. Трэба асьцеражней.
Горскі аб Яроцкім:
— Хлюст.
Лідачку аднаго разу Яроцкі запрасіў у тэатр. Як ішлі ў тэатр, жартавалі, сьмяяліся, штурхалі адзін аднаго. А назад ішлі моўчкі. Было ціха, бязьлюдна, гарадзкі спакой — чулы, старожкі — навяваў палахлівы смутак, і Лідачка мякка тулілася да рукі Яроцкага.
Яроцкага дражніла блізкасьць Лідачкі, яе маладога сьвежага цела. Ноч спакушала сваей глухатой і бязьлюднасьцю, і цяжка трымацца было, каб не схапіць, ня сьціснуць яе, гэтую мілую дзяўчынку, такую прывабную ў сваёй мяккай, яшчэ дзіцячай, наіўнасьці.
А Лідачка ўсё бліжэй, усё шчыльней тулілася да яго, люба зьвінела сваім галаском:
— Ну, кажэце што-небудзь, расказвайце. Чаго маўчыцё, як воўк? Раскажэце што-небудзь цікавае.
Тады ён пачаў гаварыць. Дзіўны быў голас яго — грубаваты, абрыўчаты і нейкі глуха-затоены.
— Лідачка! Ці любілі вы калі? Вы ніколі яшчэ ня любілі? О, вы ня ведаеце, якая гэта радасьць… Я знаю… Я праўду кажу… Гэта