такая дзіўная, нявымоўная асалода, за якую можна многа аддаць… Вы палюбіце мяне… Лідачка, палюбіце… Я научу вас, як знаходзіць сабе шчасьце… Я наўчу вас, як шэрае нуднае жыцьцё можна аквяціць пастаяннай уцехай і радасьцю. Я шчасьлівы чалавек, Лідачка, моцны чалавек. Я знаю жыцьцё, я яго вывучыў…
Лідачка маўчала. Лідачка не магла гаварыць.
Аб чым ён гаворыць? На што ён думку наводзіць? Які ён дзіўны, таемны! І як прыгожа блукаюць чорныя цені на яго цьвёрдым, сур‘ёзным твары!
О, нашто ён прыгожы такі!
І да самае хаты Лідачка не сказала нічога. А ў хату ўвашла ціхая, задумёная.
Горскі ня спаў яшчэ. Ён сядзеў у залі і нешта пісаў. Ён заўсёды многа працуе, сядзіць начамі.
Сярдзіты, насуплены. Відаць, злуецца на Лідачку. Мо‘ ён кахае яе?
— Хай сабе! Хай сабе! Хай злуецца. Ня трэба мне. Ня трэба яго каханьня!.. Доўганосы…
Тая глухая зімовая ноч доўга паўзла для Лідачкі. Плакала Лідачка ў тую даўгую цягучую ноч.