Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

VI

Увага!

Я буду гаварыць аб першым каханьні дзяўчыны, аб тым, як красуецца пышнымі краскамі маладая душа, чыстая, як нябесны блакіт, і глыбокая, як марское прадоньне.

Я буду гаварыць аб вясьне некранутага сэрца, аб тым, як салодка, поўніцца яно мядовымі ўзмывамі, як бруіцца яно пералівам дзівосным і разьліваецца буянай, атрутнай паводкаю.

І яшчэ вось аб чым будзе мой сказ. Аб тым, як спрытны ліхі паляўнічы завабіў у сеткі свае дарагую дзічыну.

Увага!

Сэрца цьвіце. У ім пеніцца чырваньню сьвежай нязнаная радасьць. У ім — новая песьня, зьлітая з вострых магутных акордаў.

Як прыемна, як радасна плысьці ў гэтым ружовым тумане, што затуляе розум, прытомнасьць, што абмывае нутро такімі пякучымі хвалямі. Як прыемна, як радасна чуць гэту жаркую блізкасьць, гэту сьмелую сілу, што цягне к сабе, прымушае забыцца на ўсё, на усё-чыста і глядзець бясконца ў дзіўна-глыбокія чорныя вочы.