Хто яго ведае! Можа ў гэту хвіліну ў яго цяжкім уяўленьні ціха лунае вобраз невядомай жанчыны — ласкавай і руплівай, якая некалі прыдзе к яму, каб сваёй ветлай гаспадарскай рукой прыхарошыць жыцьцё яго халасьцяцка — бязладнае?
— Якія брудныя анучкі!
Потым ён падыходзіць да шафы, адчыняе віхлястыя дзьверы і дастае новенькі фрэнч. Калі ён глядзіць на фрэнч, яму ўспамінаецца Яроцкі. Ён уздыхае…
— Расхадовы хлапец… Падвядзе, сукін сын… Тады сьвісьнеш…
Але фрэнч такі зграбны, сукно дык аж зьзяе. і мякенькае і гладзенькае.
— Памераць.
Ён надзяе фрэнч, бярэ мізэрнае бруднае люстэрка і пачынае перад ім рабіць выкрунтасы, стараючыся з усіх бакоў агледзець сваю фігуру. Здаволены, ён ставіць люстэрка і ходзіць важна па пакою, салодка адчуваючы на сабе новенькі, шчыгульненькі фрэнч.
У гэты момант нехта грукае ў дзьверы. Па твары Шчупака крывой грымасай спалох. Ён, як злодзей, якога злавілі на месцы злачынства, зьдзірае пасьпешна фрэнч, пхне яго ў шафу. На твары астаюцца плямы сарамяжлівай чырвані.