У дзьверы шалёны грукат. Урэшце ён адчыняе. — Яроцкі.
Яроцкі — сьвежы, сьцюдзёны, ад яго блізкасьці па целе перабягаюць шчыпучыя мурашкі холаду. І дзьверы не зачыняе, чорт. Увесь дух выпусьціць.
А твар у Яроцкага чырвоны, гарачы. Ён п‘янаваты, вясёлы. Як увашоў, так і пасігаў шырокімі мокрымі крокамі па разасланых анучках. Ня чуе, што Шчупак лаецца, падбіраючы за ім сваю маемасьць. Яроцкі сваё:
Шчупак! Скажы мне на ласку: ці ведаў ты дасюль, што ты дурны чалавек?.. Ты-ж дурніца, сапраўды. Адно: ты сядзіш у хаце ў той час, калі ўсякае жывое стварэньне жыве… Ты знаеш, што значыць жыць? Шчупачок, ты-ж чалавек барадаты. Скажы, што значыць жыць? Ня ведаеш? Эх, дурань, дурань… Кінь анучкі, Шчупак, яны брудныя і сьмярдзяць. Знаеш што? Учора я ўжо тае… з тэй дзяўчынкай, помніш, ага? Яна яшчэ цэленькая… была… Хочаш, Шчупак, я табе яе перадам, як надакучыць? Знаеш, Шчупак, у дзяцінстве для мяне было самай лепшай забавай псаваць якую-небудзь прыгожую новую рэч… Мяне білі за гэта… Нешта, помню, я ўкраў у маткі яе дарагі новы капялюш. Я, як злодзей, пракраўся з ім у хмызьняк і там гэту прыгожую багатую рэч расшкуматаў у петухі. Аб гэтым