не даведаліся і ня білі мяне… А цяпер я з людзьмі так… ха-ха… Шчупак, я зьвер, да-душы, зьвер. Мне дужа лёгка загубіць чалавека. Я й цябе пагублю, да-душы пагублю… А? Спалохаўся? Дрыжыш?.. Ха-ха… не, ня бойся, ты мне непатрэбен… Мо‘ ты хочаш грошы? Я дам… Гэта-ж нашы супольныя… Хопіць…
Шчупаку — беднаму, барадатаму Шчупаку — цяжка ад гэтых вар‘яцкіх слоў. Не разумее ён. Яроцкі — загадка. Яроцкі палохае, жудасьць наганяе і разам цягне да сябе, вабіць, абуджае сымпатыю. Вось хочацца проста абняць яго, як дзяўчыну, або пацалаваць у руку. Ён дзіўна-прыгожы сваёй першабытна-дзікай сілай, сваёй зьвярынаю сьвежасьцю.
Не, ён не пагубіць. За што ён будзе губіць яго, Шчупака? Шчупак яму нічога благога ня хоча і любіць яго. Яны — прыяцелі шчырыя. I хочацца гэта адзначыць, выказаць неяк.
Ён насуплівае бровы, выпукляе трубачкай чырвоныя вусны і гаворыць груба, наіўна:
— Яроцкі! Ты, чорт, дужа сымпатычны хлапец… Я, халера, люблю цябе, да-душы…
— Ха-ха-ха… Ты струсіў, Шчупак, наддабраешся?.. Ты любіш мяне?… ха-ха-ха… Дурань ты барадаты!
Шчупаку стала сорамна, крыўдна да болю, да сьлёз. Так бывае дзіцяці, калі яно, поўнае